Мінск 21:47

Ціханоўская наведае Парыж

3 кастрычніка, Позірк. Па запрашэнні старшыні Нацыянальнага сходу Францыі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская наведае Парыж 6–7 кастрычніка, паведамляе яе прэс-служба.

Палитык прыме ўдзел у трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”, арганізаванай Нацыянальным сходам Францыі. У яе рамкахадбудзецца пасяджэнне, прысвечанае пятай гадавіне мірных пратэстаў у Беларусі, а таксама абмеркаванне мер ЕС па барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнки і вызваленню палітычных зняволеных.

Ціханоўская таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі парламенцкіх камітэтаў па замежных і еўрапейскіх справах, спікерам Нацыянальнага сходу Яэль Браўн-Піве і міністрам Еўропы і замежных спраў Жан-Наэлем Баро.

Дэмлідар правядзе брыфінг для амбасадараў ЕС.

Візіт “падкрэслівае нязменную салідарнасць Францыі і еўрапейскіх партнёраў з беларускім дэмакратычным рухам і іх прыхільнасць падтрымліваць барацьбу беларусаў за свабоду, годнасць і правы чалавека”, гаворыцца ў рэлізе.

2 кастрычніка Ціханоўская сустрэлася ў Капенгагене з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці і падзякавала за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі і салідарнасць з беларускім народам.

“Для нас вельмі каштоўна, што Францыя працягвае стаяць побач у змаганні за свабоду і правы чалавека”, — адзначыла яна.

Перад гэтым Ціханоўская размаўляла з Макронам у траўні.

Падзяліцца: