Мінск 18:15

Праз масавае атручванне наведвальнікаў прыпыненая праца мінскага бістро “Піт Стоп”

12 кастрычніка, Позірк. Аб прыпыненні працы бістро “Піт Стоп”, размешчанага ў Мінску на праспекце Незалежнасці, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Адпаведнае рашэнне прынята “ў сувязі з рэгістрацыяй выпадкаў захворвання кішачнымі інфекцыямі сярод наведвальнікаў бістро”, адзначае ведамства.

“Спецыялісты санэпідслужбы праводзяць расследаванне. Зарэгістравана 12 выпадкаў гастраэнтэрыту інфекцыйнага паходжання. Пацыенты шпіталізаваныя ў інфекцыйную бальніцу. Іх стан — сярэдняй ступені цяжкасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

На гэты момант у ходзе праведзеных праверак “ацэненыя ўмовы падрыхтоўкі і рэалізацыі страў” у бістро, “адабраныя для лабараторных даследаванняў пробы страў і сыравіны”, “абследаваныя работнікі”.

Мінздароўя нагадала, што спецыялісты прадпрыемстваў грамадскага харчавання абавязаныя “няўхільна выконваць тэхналогіі падрыхтоўкі і тэрмічнай апрацоўкі прадуктаў, выконваць умовы захоўвання прадуктаў”, а таксама выконваць правілы асабістай гігіены, пры з’яўленні прыкмет інфекцый неабходна “спыніць працу і звярнуцца па меддапамогу”.

Гастраэнтэрыт — запаленчае захворванне страўніка і тонкай кішкі. Часцей працякае ў вострай, радзей у хранічнай форме. Пры адначасовым паражэнні тоўстага кішачніка дыягнастуецца гастраэнтэракаліт. Суправаджаецца гіпертэрміяй, ванітамі, дыярэяй, ўнутранымі болямі і спазмамі.

Падзяліцца: