Мінск 11:08

Тры чалавекі памерлі ад агню за мінулыя суткі

17 кастрычніка, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 16 кастрычніка па 6:00 17 кастрычніка) ад агню ў Беларусі памерлі тры чалавекі, адзначаецца ў штодзённай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Жанчына 1959 года нараджэння памерла ў бальніцы ад апёкаў, атрыманых 8 кастрычніка на пажары ў жылым доме ў вёсцы Малевічы Вілейскага раёна (Мінская вобласць).

У жылым доме ў вёсцы Забрэззе Валожынскага раёна (Мінская вобласць) знойдзена цела гаспадара 1950 г.н.

У Мінску на станцыі тэхабслугоўвання па вул. Бабушкіна ўзнік пажар у двухпавярховым жалезабетонным будынку (10х40 м), гаворыцца ў зводцы. Ад агню загінуў мужчына 1985 г.н., грамадзянін 1977 г. н. шпіталізаваны з атручваннем прадуктамі гарэння.

Усяго за мінулыя суткі ў Беларусі здарылася 15 пажараў (з пачатку года — 5.215, што на 7,7% больш, чым было годам раней — 4.840).

Паводле афіцыйных звестак, з пачатку года агонь забраў жыцці 415 чалавек (382; + 8,6%).

Разам з тым “Позірк“ неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння. Аб папярэднім такім выпадку паведамлялася 5 кастрычніка.

Падзяліцца: