Мінск 14:44

Улады ФРГ не будуць фінансаваць Форум гістарычных даследаванняў Беларусі, эксперты супраць гэтага рашэння

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com

21 кастрычніка, Позірк. Федэральнае міністэрства замежных спраў Германіі не плануе працягваць фінансаванне Форума гістарычных даследаванняў Беларусі ў 2026 годзе, гаворыцца ў заяве, з якой 20 кастрычніка выступіла Нямецкае таварыства па вывучэнні Усходняй Еўропы (DGO e.V.).

“Мы лічым гэтае рашэнне надзвычай праблематычным у цяперашняй сітуацыі, — адзначана ў дакуменце. — У Беларусі рэжым выкарыстоўвае гісторыю як інструмент для легітымацыі аўтарытарнай улады, а крытычныя даследаванні крыміналізуюцца праз такія законы, як закон пра генацыд беларускага народа. Асабліва гэта тычыцца гісторыі Другой сусветнай вайны, якая выкарыстоўваецца для фармавання варожага вобраза Захаду. Такая гістарычная палітыка адкрывае шлях і для расійскіх гістарычных наратываў, якія ставяць пад сумнеў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі і еўрапейскі парадак”.

Таварыства звярнула ўвагу на тое, што гісторыкi, якія “супрацьстаяць гэтым наратывам”, трапляюць “пад пагрозу рэпрэсій, што могуць пацягнуць за сабой шматгадовыя турэмныя тэрміны”. Праз “усё большы палітычны кантроль над навукай і адукацыяй” незалежныя даследаванні сёння “практычна немагчымыя ўнутры краіны”, бо рэжым Аляксандра Лукашэнкі “стварае атмасферу страху”.

“Шматлікія даследчыцы і даследчыкі былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі і цяпер жывуць у выгнанні. За свае выказванні і палітычную аналітыку многія з іх былі завочна асуджаныя на вялікія тэрміны зняволення”, — акрэслілі аўтары заявы сітуацыю ў Беларусі.

У гэтай сітуацыі Форум гістарычных даследаванняў Беларусі “супрацьстаіць інструменталізацыі гісторыі — праз навуковую дакладнасць, міжнароднае супрацоўніцтва і публічную асвету”. Праца ў яго рамках “засяроджаная на найбольш палітызаваных сферах гістарычнай памяці: гісторыі гвалту ХХ стагоддзя і палітыцы нацысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі, уключаючы яе наступствы да сённяшняга дня”.

“На дадзены момант Форум гістарычных даследаванняў Беларусі з’яўляецца адзінай інстытуцыяналізаванай структурай у Германіі, якая сістэмна вядзе такую працу, — гаворыцца ў дакуменце. — Для беларускіх даследчыц і даследчыкаў у выгнанні Форум — гэта важная пляцоўка для інтэграцыі ў еўрапейскай акадэмічнай прасторы. Нягледзячы на цяжкія палітычныя ўмовы, у Форума ад моманту яго стварэння атрымліваеццап падтрымліваць кантакт з незалежнымі гісторыкамі ў Беларусі, даваць голас крытычным даследчыцам і даследчыкам, а таксама падтрымліваць рэпрэсаваных навукоўцаў”.

“У сітуацыі, калі незалежныя даследаванні ў самой Беларусі амаль немагчымыя, Форум прапануе навукоўцам з Беларусі і іншых краін пляцоўку для абмену, дыскусій і міжнароднай супрацы. Дзейнасць Форума, якая выходзіць за рамкі двухбаковых фарматаў, магла б паслужыць мадэллю для вывучэння гісторыі ў транснацыянальным кантэксце”, — падкрэслілі аўтары заявы.

Таварыства лічыць важным, каб Германія і надалей “адыгрывала актыўную ролю ў падтрымцы незалежных даследаванняў і навукі, нягледзячы на складаную палітычную сітуацыю ў Беларусі”. Спыненне дзейнасці форума, на іх думку, “стане фатальным сігналам для беларускай навуковай супольнасці”.

Форум гістарычных даследаванняў Беларусі, заснаваны DGO у 2022 годзе, фінансаваўся Нямецкай службай акадэмічных абменаў (DAAD) пры падтрымцы МЗС ФРГ. Ён быў створаны на аснове беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі, што дзейнічала з 2020 года з ініцыятывы федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера. Праца камісіі была перапыненая ў 2021 годзе ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

DGO, як пазначана на яго сайце, ёсць незалежнай, некамерцыйнай арганізацыяй з галоўным офісам у Берліне, “найбуйнейшай сеткай ў нямецкамоўнай прасторы, якая займаецца даследаваннямі пытанняў Усходняй Еўропы”.

“З 1913 году DGO актыўна функцыянуе як форум для абмеркавання і аналізу палітыкі, эканомікі і культуры Усходняй Еўропы. Таварыства дае інфармацыю пра цяперашнія падзеі, служыць каналам перадачы ведаў і садзейнічае дыялогу паміж Усходам і Захадам. Члены DGO з’яўляюцца ключавымі пасярэднікамі і распаўсюджвальнікамі ведаў з акадэмічнага асяроддзя, палітыкі, сферы бізнесу і прамысловасці, культурнага жыцця і СМІ”, — гаворыцца ў апісанні.

Падзяліцца: