Мінск 13:54

Беларусь і Алжыр хочуць павялічыць узаемны тавараабарот, у 2021 годзе ён ледзь перавысіў 1 млн долараў

Ілюстрацыйнае фота: Venti Views / unsplash.com

24 кастрычніка, Позірк. Пра неабходнасць павялічыць узаемны тавараабарот было заяўлена 23 кастрычніка на сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі, развіцця сельскіх тэрыторый і рыбалоўства Алжыра Ясіна Мехдзі Уаліда і міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, які наведвае гэту краіну ў Паўночнай Афрыцы.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, алжырскі чыноўнік, які таксама з’яўляецца сустаршынёй двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы, выказаў цікавасць да паставак з Беларусі дзіцячага харчавання і павелічэння паставак сухога малака, мясной прадукцыі з халяльным сертыфікатам.

Бакі дамовіліся падпісаць пагадненне паміж урадамі ў галіне ветэрынарыі і мемарандума аб супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі.

Паводле слоў Рыжанкова, Беларусь як “буйны вытворца сельгастэхнікі”, краіна з “шырокімі кампетэнцыямі і тэхналогіямі ў сферы сельскай гаспадаркі” гатовая “зрабіць унёсак у гарантаванне харчовай бяспекі Алжыра”.

“У гэтым кантэксце бакі абмеркавалі патрэбу ў механізацыі сельскай гаспадаркі ў рамках маштабнага праекта па асваенні новых зямель у пустыні плошчай да 1 млн га, што рэалізуецца алжырскім бокам, — гаворыцца ў паведамленні. — Алжырскі бок таксама праявіў зацікаўленасць у працягу працы над праектамі па стварэнні сістэм захоўвання збожжа”.

У рамках візіту беларускай дэлегацыі, паводле заявы МЗС, адбыўся “шэраг кропкавых перагавораў і кансультацый экспертных груп па тэматыцы супрацы ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, бізнес-кантактаў, а таксама іншых галінах гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння”.

Па выніках сустрэч бакі дамовіліся, што 3 лістапада прадстаўнікі Мінскага трактарнага завода, Мінскага аўтамабільнага завода, прадпрыемстваў “Бабруйскаграмаш” і “Амкадор” наведаюць Алжыр для “практычнай адпрацоўкі напрамкаў далейшага ўзаемадзеяння ў галіне паставак беларускай тэхнікі”, а таксама “ўмоў для стварэння” на тэрыторыі гэтай паўночнаафрыканскай краіны “сумесных вытворчасцей трактароў і камунальнай тэхнікі, навяснога абсталявання і сэрвісных цэнтраў”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

Паводле даных на сайце МЗС, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн долараў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Мінск пастаўляў калійныя ўгнаенні, прасякнутыя ці пакрытыя пластмасамі тэкстыльныя матэрыялы, газетную паперу і канцылярскія вырабы. Актуальных даных ведамства не прыводзіць.

Прэзідэнту Алжыра перададзенае пасланне Лукашэнку з "бачаннем развіцця" двухбаковых стасункаў

23 кастрычніка, Позірк. Пасланне Аляксандра Лукашэнкі "з бачаннем беларускага боку па развіцці двухбаковай супрацы з акцэнтам на эканоміку" перадаў прэзідэнту Алжыра Абдэльмаджыду Тэбуну міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, сустрэча адбылася 22 кастрычніка, у першы дзень …
Падзяліцца: