Мінск 14:47

Прэзідэнту Алжыра перададзенае пасланне Лукашэнку з “бачаннем развіцця” двухбаковых стасункаў

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

23 кастрычніка, Позірк. Пасланне Аляксандра Лукашэнкі “з бачаннем беларускага боку па развіцці двухбаковай супрацы з акцэнтам на эканоміку” перадаў прэзідэнту Алжыра Абдэльмаджыду Тэбуну міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, сустрэча адбылася 22 кастрычніка, у першы дзень візіту ў гэту паўночнаафрыканскую краіну беларускай дэлегацыі, у якую таксама ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і шэрагу міністэрстваў — прамысловасці, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання.

Як сцвярджае МЗС, Тэбун заявіў пра “высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Алжырам”, які базуецца на “супадзенні пазіцый па ключавых пытаннях міжнароднага парадку, узаемнай падтрымцы, сяброўстве і палітычнай волі да іх трансфармацыі ва ўзаемавыгадныя эканамічныя праекты”.

“Намечаныя далейшыя крокі па нарошчванні ўзаемнага тавараабароту, уключаючы развіццё прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі, падключэнне беларускага боку да рэалізацыі дзяржаўных праграм Алжыра ў сферах харчовай бяспекі, транспартнай інфраструктуры і абнаўлення грамадскага транспарту, — гаворыцца ў паведамленні. — Бакі канстатавалі неабходнасць пашырэння дагаворна-прававой базы двухбаковага юстыцыі, адукацыі і транспарту“.

Адзначаецца, што на сустрэчы былі “абмеркаваныя будучыя кантакты на найвышэйшым узроўні”.

На перагаворах з алжырскімі чыноўнікамі, паводле інфармацыі МЗС, сярод іншага абмяркоўваліся “далейшыя магчымасці па пашырэнні гандлёва-эканамічнай супрацы, перш за ўсё ў сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, паставак тэхнікі і харчавання, узаемадзеяння ў галіне фармацэўтыкі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”. Гаворка таксама ішла пра стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў, развіццё інфраструктуры, наладжванне прамых сувязей паміж дзелавымі коламі дзвюх краін і правядзенне бізнес-сустрэч.

Бакі дамовіліся падрыхтаваць комплексную дарожную карту на 2026–2027 год.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

Паводле даных на сайце МЗС, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн долараў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Мінск пастаўляў калійныя ўгнаенні, прасякнутыя ці пакрытыя пластмасамі тэкстыльныя матэрыялы, газетную паперу і канцылярскія вырабы. Актуальных даных ведамства не прыводзіць.

Падзяліцца: