Мінск 17:53

На рэспубліканскім суботніку 25 кастрычніка сабрана каля 19,5 млн рублёў — Пяткевіч

Віцэ-прэм'ер Наталля Пяткевіч
Відэа: прэс-служба Савета міністраў / стоп-кадр: "Позірк"

25 кастрычніка, Позірк. У рэспубліканскім суботніку 25 кастрычніка, паводле папярэдніх даных, узяло ўдзел 2,3 млн чалавек, заявіла пасля яго заканчэння намесніца прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч.

“Зароблена прыкладна 19,4–19,5 мільёна рублёў — гэта на 3 мільёны больш, чым на красавіцкім суботніку”, — сказала чыноўніца (на падставе відэакаментарыя ў тэлеграм-канале ўрада).

Па выніках суботніка 12 красавіка віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак сапраўды казаў пра сабраныя 16,5 млн рублёў, што не супярэчыць словам Пяткевіч. Разам з тым, згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія з’явіліся пазней, для “пералічэння па прызначэнні” пасля таго суботніка паступіла больш за 18,5 млн рублёў.

Пяткевіч нагадала, што ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў 50% сабраных на суботніку 25 кастрычніка сродкаў будзе накіравана на “мэты, што запланаваныя ў рэгіёнах”, іншыя 50% — на ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.

“Адметна, што сёлета загадзя вызначаныя тыя мэты выдаткавання грашовых сродкаў у кожным рэгіёне. То бок дакладна кожны грамадзянін можа паглядзець, ува што ён унёс сваю лепту”, — сцвярджае яна.

Беларускае заканадаўства забараняе прымусовую працу. Тым не менш удзел у суботніку — перанятай у СССР практыцы ўцягвання грамадзян у “грамадска карысную занятасць” без аплаты іх працы — фактычна прымусовы, прынамсі для работнікаў бюджэтных арганізацый. Паўсюднай стала практыка пабораў “на суботнік”.

У работнікаў бюджэтнай сферы будзе забраны дзённы заробак у фонд восеньскага суботніка

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 25 кастрычніка 2025 года ў 16:51 25 кастрычніка, Позірк. У Беларусі 25 кастрычніка праходзіць першы восеньскі суботнік. У яго рамках як мінімум у работнікаў бюджэтнай сферы будзе забраны дзённы заробак — гэтак жа адбываецца штогод …
Падзяліцца: