Мінск 21:22

Беларусы не маюць доступу да механізмаў міжнароднай абароны, даступных еўрапейцам — прадстаўніца АПК Зазулінская

Архіўнае фота: прэс-служба АПК

5 лістапада, Позірк. Беларусы не маюць доступу да механізмаў міжнароднай абароны, даступных еўрапейцам, заявіла 5 лістапада прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская з нагоды 75-годдзя Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

“Падпісанная 75 гадоў таму ў Рыме Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека — дакумент, які ў многіх краінах стаў асновай абароны чалавека ад несправядлівасці і злоўжыванняў улады, — адзначыла палітык. — Беларусь так і не далучылася да Канвенцыі. <…> Калі ў краіне суд не працуе як абарона, а як інструмент пакарання, чалавек застаецца сам-насам з сістэмай. Рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся не ў 2020 годзе. Яны існавалі шмат гадоў і сталі часткай палітычнага кіравання”.

Наступствамі такой сітуацыі Зазулінская назвала тое, што існуюць “палітвязні, дзеці і бацькі, якія жывуць у пастаянным страху”, “вымушаная эміграцыя”, “пагрозы адбірання дзяцей”, “карная псіхіятрыя”, “сем’і, разарваныя на некалькі краінаў”.

“Людзі, якія абараняюць іншых — праваабаронцы, адвакаты, журналісты, валанцёры — часта робяць тое, што павінна рабіць дзяржава. І менавіта яны сёння з’яўляюцца асновай годнасці беларускага грамадства”, — падкрэсліла яна.

Для прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы, паводле слоў Зазулінскай, гэта “не тэарэтычныя тэмы”, а “канкрэтныя сям’і, імёны, гісторыі, людзі”, якім падструктура “дапамагае штодзённа”. “Мы працягнем падтрымліваць тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і працаваць над тым, каб у будучыні Беларусь вярнулася ў прастору, дзе правы чалавека — не словы, а практыка”, — адзначыла палітык.

Падзяліцца: