Мінск 14:23

Атамную энергетыку падтрымлівае больш за 80% жыхароў Беларусі, сцвярджае Лукашэнка

Архіўнае фота на старонцы адміністрацыі БелАЭС у сацсетцы "Укантакце"

14 лістапада, Позірк. Атамную энергетыку падтрымлівае больш за чатыры пятыя жыхароў краіны, з такім сцвярджэннем выступіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада ў Мінску на нарадзе па выніках пяці гадоў працы Беларускай АЭС, павелічэнні электраспажывання і пашырэнні ядзерных магутнасцей.

“Змянілася стаўленне беларусаў да мірнага атама, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Паводле даных сацыёлагаў, на пачатку будаўніцтва БелАЭС яго падтрымлівала 60% насельніцтва, а сёння — з улікам працы ды іншых станоўчых фактараў — ужо больш за 80%”.

Наяўнасць уласнай АЭС Лукашэнка назваў “у пэўным сэнсе спосабам забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці”. Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, паводле яго сцвярджэння, “не толькі ўмацавала <…> энергетычную бяспеку, але і вызначыла далейшае развіццё Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы”.

Пабудаваўшы АЭС, Беларусь забяспечыла сябе “крыніцай даступнай, экалагічна чыстай энергіі на дзесяцігоддзі наперад”, атрымала “эканамічны і экалагічны эфект”. Так, паводле яго слоў, за пяць гадоў скарачэнне выкідаў парніковых газаў перавысіла 26 млн тон.

За час працы станцыя выпрацавала больш за 53 млрд кілават-гадзін электраэнергіі, што, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, “дазволіла цалкам адмовіцца ад яе імпарту”. Варта адзначыць, што Беларусь перастала імпартаваць электрычнасць на пачатку 2018-га — амаль за тры гады да таго, як першы энергаблок БелАЭС быў падключаны да энергасістэмы.

“Таксама атрымалася знізіць залежнасць ад прыроднага газу (на 14,5 мільярда кубаметраў), доля якога ў генерацыі энергіі даходзіла да 95% (цяпер каля 65%), і ашчадзіць бюджэтныя сродкі (больш за 1,6 мільярда долараў)”, — адзначыў спікер.

Паводле яго слоў, АЭС “кардынальна змяніла аблічча беларускай энергетыкі”. У рамках яе інтэграцыі ў энергасістэму “рэканструявана больш за 1,7 тысячы кіламетраў” электрасетак, пабудаваныя “сучасныя падстанцыі”, укаранёныя “прарыўныя лічбавыя тэхналогіі, што падвышаюць надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў”.

“У краіне сфармваная новая галіна эканомікі, створаныя неабходная інфраструктура і сучасная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Усяго гэтага мы не мелі. За гады рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы намі назапашаныя ўнікальныя кампетэнцыі па пытаннях праектавання, збудавання, эксплуатацыі і абслугоўвання аб’ектаў атамнай энергетыкі”, — заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, паводле яго слоў, БелАЭС “надала імпульс росту энергаспажывання”, гістарычны максімум якога быў дасягнуты ў 2024 годзе — 43,3 млрд кВт·г.

“У нас 100% насельніцтва мае доступ да электраэнергіі. Пры гэтым у рэйтынгу краін Еўропы Беларусь займае 3-е месца, дзе самая нізкая цана на электрычнасць. Паводле даных рэйтынгу, апублікаванага ў чэрвені 2025 года, самы нізкі кошт электраэнергіі ў Казахстане, Расіі і Беларусі”, — сцвярджае палітык.

Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС ля Астраўца (Гродзенская вобласць) — завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная на падставе расійскага праекту, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Цяпер вырашаецца пытанне пашырэння ядзерных магутнасцей — шляхам будаўніцтва новага блока на БелАЭС або збудавання другой станцыі, верагодна, ва ўсходняй частцы Беларусі.

Падзяліцца: