Мінск 17:46

Колькасць ДТЗ з удзелам жывёл у першым квартале 2026 года вырасла амаль на 30%

Дарогу Стоўбцы — Мікалаеўшчына (Мінская вобласць) часта перасякаюць ласі
Фота: "Позірк"

3 чэрвеня, Позірк. У першым квартале 2026 года павялічылася колькасць ДТЗ з удзелам жывёл, паведамляе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР).

Зарэгістравана 932 ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл (+210 у параўнанні з першым кварталам 2025-га; +29,1%), загінула або траўмавана 957 жывёл (+220; + 29,9%).

Асноўнымі прычынамі росту колькасці здарэнняў названыя “нарастанне інтэнсіўнасці руху транспарту, рост колькасці аўтамабіляў у цэлым і павелічэнне колькасці жывёл агулам па краіне”.

“У цяперашні час маладыя жывёлы мінулага года нараджэння адлучаюцца ад дарослых самак і сыходзяць шукаць новыя месцы пражывання, — адзначае БТПР. — Як правіла, яны маюць невялікі жыццёвы досвед, таму для іх дарогі не асацыююцца з нейкай небяспекай. З прычыны сваёй падвышанай рухальнай актыўнасці яны выходзяць на дарогі. Маладыя жывёлы не ведаюць, як рэагаваць пры сустрэчы з транспартам, і гэта часта становіцца прычынай здзяйснення такіх дарожна-транспартных здарэнняў“.

Найбольш небяспечнымі застаюцца рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі з індэксам “М”: М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск; М6 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі); М1 (Е30) Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расіі; М4 Мінск — Магілёў; М5 Мінск — Гомель.

У большасці выпадкаў сутыкнення з дзікай жывёлай можна пазбегнуць, адзначае БТПР. Калі на шляху руху аўтамабіля або на абочыне дарогі з’явілася дзікая жывёла, неабходна неадкладна знізіць хуткасць да ўзроўню, калі можна ў адзін момант спыніцца. Самі дзікія жывёлы не ў стане ацаніць хуткасць аўтамабіля.

Дзікія жывёлы найбольш актыўныя ў цёмны час сутак, таму з пачаткам змяркання рэкамендуецца праяўляць павышаную пільнасць і выбіраць адпаведную хуткасць.

БТПР нагадвае пра патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства, “у адпаведнасці з якімі пры выяўленні грамадзянамі ва ўгоддзях, у тым ліку на дарогах, параненых, траўміраваных, хворых або загінулых дзікіх жывёл забараняецца самавольна здабываць іх, разрабляць або перамяшчаць (транспартаваць) іх тушы або часткі туш, выкарыстоўваць прадукцыю (мяса, шкура, рогі і інш.)”. Пры выяўленні на дарозе траўмаванай або загінулай жывёлы неабходна паведаміць пра гэта па нумары 102 або ў Дзяржінспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

У дарожна-транспартных здарэннях у 2025 годзе загінула 5,1 тыс. дзікіх жывёл — на 32% больш у параўнанні з 2024-м, паведаміў на прэс-канферэнцыі 26 лютага начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Матаро.

Паводле яго слоў, тэндэнцыя істотнага росту колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл захоўваецца і ў 2026 годзе. У студзені было зарэгістравана 318 выпадкаў гібелі дзікіх жывёл, што больш чым на 30% перавысіла паказчык студзеня 2025-га.

Найчасцей гінуць казулі і ласі, адзначыў чыноўнік. Пры гэтым колькасць ДТЗ з удзелам казуль у 2025 годзе “значна павялічылася“, дадаў ён.

Падзяліцца: