Мінск 13:26

Беларускія службы заявілі пра гатоўнасць да адкрыцця Польшчай двух пунктаў пропуску

Пункт пропуску Баброўнікі (Бераставіца)
Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

15 лістапада, Позірк. Мытныя органы Беларусі “цалкам гатовыя да аднаўлення руху ў сумежных беларускіх пунктах пропуску Брузгі і Бераставіца”, заявіла 15 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

“Праз Кузніцу (з беларускага боку — Брузгі. — “Позірк”.) будзе дазволены толькі пасажырскі рух, за выключэннем аўтобусаў, а праз Баброўнікі (Бераставіца. — “Позірк”.) — легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, а таксама грузавікоў з краін ЕС, краін — удзельніц пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі”, — адзначае ведамства, спасылаючыся на адпаведнае распараджэнне кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы.

“Мытныя змены [з беларускага боку] укамплектаваныя, інфраструктура ўдасканаленая, усе тэхнічныя сродкі, якія тут маюцца, функцыянуюць. Адкрыццё яшчэ двух польскіх пунктаў пропуску дазволіць палепшыць сітуацыю ў прыграніччы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дзяржаўны пагранічны камітэт паведаміў, што атрымаў ад польскага боку афіцыйнае апавяшчэнне пра адкрыццё згаданых пунктаў пропуску 17 лістапада ў 2:00 паводле мінскага часу. “Органы пагранічнай службы гатовыя да аднаўлення руху ў пунктах пропуску ў поўным аб’ёме”, — запэўніла пагранслужба.

Пра тое, што 17 лістапада адновіцца праца пунктаў пропуску Кузніца Беластоцкая і Баброўнікі, Польшча афіцыйна абвясціла напярэдадні.

28 кастрычніка прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў пра планы адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Баброўнікі (закрыты ў лютым 2023 года пасля асуджэння актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута) і Кузніца (закрыты ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс).

Аднак праз некалькі дзён, 30 кастрычніка, кіраўнік МУСіА Марцін Кервіньскі паведаміў, што Варшава адклала адкрыццё гэтых пагранпераходаў на некалькі тыдняў. У Польшчы патлумачылі гэты крок салідарнасцю з літоўскім бокам, які закрыў свае пункты пропуску на мяжы з Беларуссю праз масавыя прылёты паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджаюць грамадзянскай авіяцыі.

Сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка, які абвінаваціў Варшаву ў зрыве дамоўленасцяў пра адкрыццё пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы і вызваленні Пачобута.

“У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых пачобутаў, шпіёнаў прызнаю́ць. Яны затрыманыя. “Аддайце”. Мы ім кажам: “Ну добра, там 2–3 чалавекі нашых маецца. Вяртайце. Зробім абмен”. Таксама сем’і і гэтак далей. Выведка была, ёсць і будзе. Я прызнаю́ гэта, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце — мы гатовыя пайсці і на гэта. “Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ нечага”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён сцвярджаў, што пазіцыя польскага боку затым змянілася: “Учора (30 кастрычніка. — “Позірк”.) да ночы мне дакладвае КДБ: “Не, яны адступілі ад гэтай пазіцыі на знак салідарнасці з Літвой за гэтыя вось шарыкі”. Я кажу: перадайце ім прывітанне. Адступілі — ну, і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі саспееце — прыходзьце, будзем з вамі размаўляць”.

Падзяліцца: