Мінск 14:27

Колькасць еўрапейскіх грамадзян, што наведваюць Беларусь без візы, скарачаецца цэлы месяц

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

17 лістапада, Позірк. З 10 па 17 лістапада ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехаў 2.081 грамадзянін еўрапейскіх дзяржаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Колькасць бязвізавых візіцёраў скарачаецца патыднёва ўжо цэлы месяц: калі 13–20 кастрычніка іх было 4.449 (за тыдзень да таго значэнне было ніжэй), то 20–27 кастрычніка — 4.096, 27 кастрычніка — 3 лістапада — 2.284, 3–10 кастрычніка — 2.215.

За апошні тыдзень грамадзян Літвы прыбыло 110 (312), грамадзян і неграмадзян Латвіі — 1.132 (879), грамадзян Польшчы — 545 (743), іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу — 294 (281).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.232.888 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 396.679 замежнікаў, з Літвы — 655.443, з Польшчы — 127.185. У рамках пашыранага бязвіза для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехаў 53.581 замежны грамадзянін.

Сама меней да канца восені Літва закрыла свае пагранпераходы на беларускім напрамку — праз масавыя прылёты паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджаюць грамадзянскай авіяцыі.

У той жа час Польшча 17 лістапада аднавіла працу двух раней закрытых пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца) і Кузніца Беластоцкая (Брузгі).

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Падзяліцца: