Мінск 10:30

Беларус праходзіць у Літве па справе аб кантрабандзе наркотыкаў у пірагах

Фота: мытня Літвы

25 жніўня, Позірк. Пра затрыманне грамадзян Украіны і Беларусі, падазраваных у датычнасці да арганізацыі кантрабанды наркотыкаў, паведамляе мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў Літвы.

Паводле даных ведамства, у траўні 2026 года ў вільнюскім лагістычным цэнтры Lietuvos paštas мытнікі праверылі падазроную пасылку з Канады. Паведамляецца, што “супрацоўнікаў здзівіла нахабства адпраўнікоў: хоць было заяўлена, што ў пасылцы знаходзяцца 10 пірагоў і 10 шакаладак, ад яе ішоў вельмі рэзкі, характэрны для канабісу пах”.

Разрэзаўшы адзін з пірагоў, мытнікі выявілі ўнутры пластыкавы пакунак з высушаным канабісам. Наркотыкі знайшлі і ў іншых пірагах. Агульная вага пасылкі са слодычамі складала каля 5 кг, з якіх 0,5 кг прыпала на “начынне” з канабісу.

Пасылку затрымалі. Калі спецыялісты мытнай лабараторыі афіцыйна пацвердзілі, што ўкладанне сапраўды з’яўляецца канабісам, Мытная крымінальная служба (МКС) пачала дасудовае расследаванне па факце кантрабанды наркотыкаў.

Падчас расследавання праваахоўнікі знайшлі двух падазраваных. Адзін з іх, як мяркуецца, арганізаваў кантрабанду наркотыкаў, другі падазраецца ў садзейнічанні яе арганізацыі.

У чэрвені мытныя крыміналісты затрымалі абодвух. Адзначаецца, што “пры затрыманні ў Вільнюсе грамадзянін Украіны актыўна супраціўляўся, таму супрацоўнікам давялося ўжыць прыёмы баявой самаабароны і спецыяльныя сродкі, у тым ліку газ і кайданкі”. “Другога падазраванага, грамадзяніна Беларусі, затрымалі ў Купішкісе”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас вобшукаў па месцах жыхарства абодвух падазраваных выяўлена вялікая колькасць наркатычных і псіхатропных рэчываў: насенне, а таксама тры саджанцы канабісу, крышталічны метамфетамін, таблеткі экстазі.

Акрамя таго, былі знойдзеныя сродкі для фасоўкі і пакавання, адмысловыя пластыкавыя пакункі з магнітамі, прызначаныя для хуткага мацавання наркотыкаў да металічных паверхняў. У дадатак выяўленыя дзве адзінкі пнеўматычнай зброі.

Абодвух затрыманых змясцілі ў ізалятар Вільнюскага акруговага галоўнага камісарыята паліцыі. Разам з тым грамадзяніна Беларусі пасля допыту адпусцілі — з яго ўзята пісьмовае абавязацельства не пакідаць краіну, яго дакументы вынятыя.

Грамадзянін Украіны паводле рашэння Вільнюскага раённага суда быў змешчаны пад варту на 3 месяцы, у сувязі з чым можна меркаваць, што непасрэдна ў арганізацыі кантрабанды наркотыкаў падазраюць менавіта яго.

Расследаванне МКС працягваецца паводле трох артыкулаў КК Літвы: ч. 4 арт. 260¹ (кантрабанда наркотыкаў), ч. 1 арт. 259 (незаконнае захоўванне наркотыкаў без мэты распаўсюду) і арт. 286 (супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў, у дачыненні да затрыманага ўкраінца).

Падзяліцца: