Прэм’ер Арменіі заявіў, што будзе рады выключэнню краіны з АДКБ, выказаўся па тэрмінах рэферэндуму пра членства ў ЕС

24 жніўня, Позірк. У найбліжэйшыя пяць гадоў Арменія не плануе вяртацца ў Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і будзе радая, калі Ерэван выключаць з яе. Пра гэта, паводле інфармацыі агенцтва News.am, прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян заявіў 24 жніўня, адказваючы на пытанні дэпутатаў на пасяджэнні парламента, на якім абмяркоўвалася праграма ўрада на пяцігадовы тэрмін.
“Магу з упэўненасцю сказаць — мы не збіраемся актывізаваць нашу працу ў АДКБ”, — сказаў армянскі прэм’ер.
Паводле яго слоў, у АДКБ вядуцца “адпаведныя абмеркаванні”, пры гэтым статут прадугледжвае магчымасць выключэння краіны з арганізацыі.
“Я буду вельмі рады, калі арганізацыя вырашыць выключыць Рэспубліку Арменія. Нас, ва ўсякім разе, вызваляць ад дылемы — выходзіць ці не выходзіць з яе”, — сказаў Пашынян.
Палітык таксама заявіў, што Арменія мае намер у найбліжэйшы час распачаць працэс падачы заяўкі на членства ў Еўрапейскім саюзе.
Пры гэтым ён падтрымаў сумесную заяву Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна (Расія), Касым-Жамарта Такаева (Казахстан) і Садыра Жапарава (Кыргызстан), якія выступілі за неабходнасць правядзення ў Арменіі ў як мага карацейшыя тэрміны ўсенароднага рэферэндуму па пытанні ўступлення ў Еўрасаюз або захавання членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). Заява была прынятая 29 траўня 2026 года на саміце ЕАЭС.
“Мы ўспрымаем гэта як сяброўскі жэст, які высока цэнім, і я ўпэўнены, што такі рэферэндум у Арменіі абавязкова адбудзецца”, — сказаў Пашынян.
У той жа час ён лічыць, што такі рэферэндум можна будзе праводзіць “пасля атрымання адпаведнай рэакцыі на афіцыйны зварот у ЕС і пасля з’яўлення дарожнай карты па працэсе”.
29 траўня пасля саміту ЕАЭС Лукашэнка паведаміў, што пытанне пра выхад Арменіі з саюза разглядалася “на закрытым пасяджэнні”. “Падпісалі адпаведную заяву. Першае, канстатавалі ўсе, мы не хочам, каб Арменія выходзіла з нашага еўразійскага саюза. У той жа час мы паважаем выбар Арменіі. Мы паважаем выбар народа Арменіі. Калі народ прыняў такое рашэнне або прыме і згодны выйсці з саюза, у якім цяпер знаходзіцца, і ўступіць у Еўрапейскі саюз калі-небудзь, мы не можам быць супраць волі армянскага народа. І следам у гэтай заяве дапісалі, што мы падтрымліваем жаданне кіраўніцтва Арменіі, якое пра гэта заявіла, правесці па гэтым пытанні рэферэндум”, — заявіў ён.
7 чэрвеня ў Арменіі прайшлі парламенцкія выбары, перамогу на якіх атрымала партыя прэм’ер-міністра Пашыняна, у сувязі з чым палітык 2 жніўня быў зноў прызначаны прэзідэнтам краіны на пасаду кіраўніка ўрада.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і раней ужо заяўлялі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.
ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая мае міжнародную правасуб’ектнасць. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 жніўня — 4 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



