Мінск 18:35

Два жыхары Глыбоцкага раёна абвінавачваюцца ў крадзяжы з дамоў 54 чалавек

24 жніўня, Позірк. Двум жыхарам Глыбоцкага раёна (Віцебская вобласць) ва ўзросце 31 і 36 гадоў прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 205 (крадзеж, здзейснены паўторна, групай асоб, з пранікненнем у жыллё) Крымінальнага кодэкса, паведамляе Следчы камітэт са спасылкай на сваё ўпраўленне па Віцебскай вобласці.

Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Паводле даных следства, мужчыны з верасня 2024 года па студзень 2026 года ў начны час ездзілі па Глыбоцкім, Докшыцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці і пранікалі ў жыллё: зрывалі Дзвярныя прабоі або выстаўлялі аконныя рамы. Пасля крадзяжоў акуратна вярталі ўсе на месцы, каб гаспадары не адразу заўважалі сляды пранікнення і прапажу маёмасці. Выкрадзенае адвозілі на лецішча да аднаго з фігурантаў.

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнана 54 чалавекі, агульная сума шкоды перавысіла 9 тыс. рублёў.

Мужчын затрымалі ў ноч на 3 студзеня 2026 года пасля крадзяжу імі мапеда. Крадзеж быў выяўлены супрацоўнікам ДАІ пры даглядзе аўтамабіля, у якім знаходзіўся транспартны сродак.

На допытах абвінавачаныя патлумачылі, што атрыманыя грошы трацілі на прадукты харчавання і паліва для аўтамабіля, каб ездзіць на чарговыя крадзяжы.

Падчас расследавання крымінальнай справы мужчыны пакрылі маёмасную шкоду на суму 4,9 тыс. рублёў. На іх уласную маёмасць накладзены арышт.

36-гадовы мужчына быў працаўладкаваны, раней быў судзімы за крадзеж; 31-гадовы нідзе не працаваў, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, за шэсць месяцаў 2026 года за крадзеж было асуджана 2.449 чалавек.

Падзяліцца: