Мінск 12:54

Лукашэнка канстатаваў зніжэнне тавараабароту з Архангельскай вобласцю РФ у тры разы

Архангельск
Ілюстрацыйнае фота: Aleksandr K / unsplash.com

24 жніўня, Позірк. Прыкметнае зніжэнне ўзаемнага гандлю Беларусі з Архангельскай вобласцю Расіі канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам згаданага суб’екта РФ Аляксандрам Цыбульскім.

“Што тычыцца супрацы, варта шчыра прызнаць, што мы з вамі ў гандлі значна знізілі планку, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Але ўсё ў нашых сілах. Мы мелі прыкладна ў тры разы вышэйшы тавараабарот, чым цяпер. Трэба яго аднаўляць, шукаць адпаведныя шляхі. І нам у тым ліку. Не чакаць за дзвярыма або за плотам, што нехта прыедзе і прапануе варыянты”.

Палітык не ўдакладніў, якія актуальныя даныя тавараабароту, а таксама тое, з якім перыядам ён параўноўвае.

На думку Лукашэнкі, Беларусь і Архангельская вобласць маглі б “паспяхова супрацоўнічаць” у галіне лясной прамысловасці. “У нас амаль палова Беларусі — гэта лес. У сувязі з гэтым мы вымушаныя былі яшчэ ў савецкія часы рыхтаваць і вырабляць тую тэхніку, якая патрэбная для працы ў лесе. У нас для гэтага спецыялізаваны цэлы холдынг, вядучае прадпрыемства “Амкадор”, — прыводзіць словы палітыка неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Кажучы пра горную прамысловасць, спікер адзначыў, што ў расійскім рэгіёне праходзяць выпрабаванні “робатызаваныя комплексы БелАЗа”: “Упэўнены, што яны добра сябе зарэкамендуюць”.

У Архангельскай вобласці, паводле яго слоў, “нямала працуе” беларускай тэхнікі, у тым ліку пасажырскай — у прыватнасці, вырабленай Мінскім аўтамабільным заводам. “Нядаўна пабудавалі новы завод для вытворчасці пасажырскай тэхнікі. У гэтым кірунку мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць”, — лічыць ён.

У расійскім рэгіёне маецца “нямала дамоў, пабудаваных яшчэ ў савецкі перыяд”, і там “у асноўным [эксплуатуюцца] ліфты, якія выраблялі ў Магілёве”. “Мы нямала вырабляем гэтага дабра. Калі вас задавальняе — паглядзіце, пазнаёмцеся”, — заклікаў Лукашэнка.

Палітык адзначыў, што ў Архангельскай вобласці “няпроста <…> працаваць з сельскай гаспадаркай, вырабляць харчаванне”. “Калі ў нейкай ступені мы вам будзем карысныя, калі ласка, самае лепшае, смачнае і якаснае харчаванне”, — сказаў ён.

Беларусь, паводле яго слоў, гатовая “падставіць сваё плячо” ў плане адукацыі і навукі, “калі Архангельскай вобласці будзе цікава”. “Адукацыя ў нас, я лічу, на постсавецкай прасторы самая лепшая”, — заявіў спікер.

Падзяліцца: