Мінск 09:58

Лукашэнка зноў запрасіў Такаева ў Беларусь

25 кастрычніка, Позірк. Віншаванні з нагоды нацыянальнага свята — Дня Рэспублікі — накіраваў прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“Гэты знамянальны дзень займае асаблівае месца ў гісторыі краіны, сімвалізуючы зацвярджэнне дзяржаўнасці і самастойнага развіцця. Пройдзены за гады незалежнасці шлях стаў сведчаннем стваральнай сілы казахстанцаў, іх згуртаванасці, мудрасці, імкнення да міру і дабрабыту”, — гаворыцца ў віншаванні.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь “шануе адносіны стратэгічнага партнёрства з Казахстанам, якія з’яўляюцца прыкладам узаемнага даверу і сапраўднай зацікаўленасці ў поспеху адно аднаго”.

“Перакананы, трывалы падмурак нашага сяброўства дазволіць і надалей разам адказваць на выклікі сучаснасці, увасабляць у жыццё маштабныя праекты і ініцыятывы. У мэтах абмеркавання перспектыў супрацоўніцтва Мінска і Астаны аднаўляю запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам”, — заявіў віншавальнік.

Папярэдні раз Лукашэнка запрашаў Такаева ў Беларусь 29 красавіка гэтага года падчас тэлефоннай размовы.

14–15 красавіка Казахстан наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Яго візіт сярод іншага датычыўся адкрыцця генеральнага консульства Беларусі ў Алматы.

5 лютага паведамлялася, што тавараабарот Беларусі і Казахстана перавысіў 1 млрд долараў.

Паводле інфармацыі МЗС, па аб’ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Мінска і з’яўляецца другім сярод краін СНД.

Як заяўляў у лістападзе мінулага года амбасадар у Казахстане Аляксей Багданаў, улады Беларусі імкнуцца да таго, каб “у бліжэйшыя два гады дасягнуць узроўню ў 1,5 млрд долараў”. “А ў перспектыве дзесьці да 2030 года, магчыма, выйдзем і на 2 млрд долараў”, — казаў дыпламат.

Дыпламатычныя адносіны Беларусі з Казахстанам устаноўленыя 16 верасня 1992 года. У дзвюх краінах адкрытыя амбасады.

Падзяліцца: