Мінск 20:58

Пасля перамоў Лукашэнка і Ухнаагійн Хурэлсух выступяць перад прэсай — прэс-служба прэзідэнта Манголіі

24 кастрычніка, Позірк. Пасля сустрэчы сам-насам і афіцыйных перамоў Аляксандр Лукашэнка і Ухнаагійн Хурэлсух выступяць перад прэсай, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Манголіі, які 24–26 кастрычніка наведвае Беларусь.

Адзначаецца, што гэта “першы ў гісторыі візіт у Рэспубліку Беларусь на ўзроўні кіраўніка мангольскай дзяржавы”.

Дата правядзення перамоў не пазначаная, аднак, згодна з паведамленнямі беларускага боку, асноўным днём усіх мерапрыемстваў будзе панядзелак, 26 кастрычніка.

Паведамляецца таксама, што з Ухнаагійнам Хурэлсухам “асобна сустрэнуцца старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Палаты прадстаўнікоў і прэм’ер-міністр”.

“Падчас візіту бакі плануюць падпісаць дакументы, скіраваныя на пашырэнне і развіццё двухбаковай супрацы ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, лёгкая прамысловасць, спорт, акрэдытацыя, мытная справа і сувязь, — гаворыцца ў паведамленні. — У рамках візіту ў Мінску адбудуцца Мангольска-беларускі бізнес-форум і Дні культуры Манголіі”.

Пра тое, што мангольскі прэзідэнт прыбыў у Беларусь, неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі паведаміў бліжэй да вечара 24 кастрычніка. Было заяўлена, што на перамовах гаспадар сустрэчы і госць “ацэняць ход выканання дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту” беларускага палітыка ў Манголію два гады таму, і вызначаць “ключавыя напрамкі далейшага развіцця беларуска-мангольскіх стасункаў”.

Бакі засяродзяцца на “ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных праектах”, а таксама на “паглыбленні ўзаемадзеяння ў прамысловасці і АПК”. Акрамя таго, рыхтуецца да падпісання дарожная карта развіцця супрацы на 2027–2029 гады.

Каля тыдня таму, 16 кастрычніка, міністр замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг перадала старшыні парламента — Вялікага дзяржаўнага хурала — Сандагійну Бямбацогту законапраект пра ратыфікацыю дагавора аб дружалюбных стасунках і супрацы з Беларуссю. Дакумент быў падпісаны 3 чэрвеня 2024-га, Беларусь завяршыла працэдуру яго ратыфікацыі 23 снежня таго ж года (адпаведны закон набыў моц 7 студзеня 2025 года).

Лукашэнка, віншуючы 11 ліпеня 2026 года Ухнаагійна Хурэлсуха з нацыянальным святам Наадам, прапанаваў яму здзейсніць візіт у адказ у Беларусь. Сам ён наведваў Манголію з дзяржаўным візітам 1–4 чэрвеня 2024 года.

Паводле вынікаў яго сустрэчы з мангольскім прэзідэнтам 3 чэрвеня таго года былі таксама падпісаныя міжурадавае пагадненне пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі і дарожная карта супрацы профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024–2026 гады; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене пасведчанняў кіроўцы; дарожная карта супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды інш.

Напярэдадні прыбыцця Лукашэнкі экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж (2009–2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “мае паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Падзяліцца: