Мінск 20:15

Лукашэнка назваў “смешнымі” аб’ёмы ўзаемнага гандлю Беларусі і Манголіі

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

25 кастрычніка, Позірк. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра яго сустрэчу 25 кастрычніка “ў нефармальнай абстаноўцы” з прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам.

“Заўтра мы ўжо ў больш афіцыйнай абстаноўцы абмяркуем сучаснасць і будучыню нашых адносін. Але коратка калі казаць, я б прапанаваў, каб мы пачалі з двух-трох важных для нас з Манголіяй праектаў і каб мы пачалі наша супрацоўніцтва”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, неабходна даць “старт вельмі інтэнсіўнаму, нармальнаму супрацоўніцтву”.

“Нас не зразумеюць нашы дзеці, калі наша з вамі пакаленне не зробіць нешта вялікае, як папярэднія пакаленні”, — адзначыў ён.

“Так, мы гандлюем, — дадаў Лукашэнка. — Але, пагадзіцеся, аб’ёмы таго гандлю, што сёння ў нас ёсць, проста смешныя. Таму сутнасцю нашых перамоў стане тое, што мы павінны закласці трывалы падмурак беларуска-мангольскай дружбы і адносін. Мы пастараемся стаць для вас надзейнымі сябрамі”.

На 26 кастрычніка анансаваная “асноўная перамоўная праграма на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў”. Чакаецца, што бакі “ацэняць ход выканання дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію ў 2024 годзе”, і намецяць “ключавыя напрамкі для далейшага развіцця беларуска-мангольскіх адносін”.

Падкрэсліваецца, што акцэнт будзе зроблены на “рэалізацыі ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных праектаў, паглыбленні ўзаемадзеяння ў прамысловасці і АПК”. Пры гэтым, як заяўлена, “да падпісання падрыхтаваная дарожная карта супрацоўніцтва на 2027–2029 гады”.

Лукашэнка і Хурэлсух таксама абмяркуюць узаемадзеянне краін у палітычнай сферы, сумесную працу “на пляцоўках міжнародных аб’яднанняў”, а таксама абмяняюцца думкамі па “найбольш актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня”, гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што мангольскі прэзідэнт прыбыў у Беларусь, неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі паведаміў бліжэй да вечара 24 кастрычніка.

16 кастрычніка міністр замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг перадала старшыні парламента — Вялікага дзяржаўнага хурала — Сандагійну Бямбацогту законапраект пра ратыфікацыю дагавора аб дружалюбных стасунках і супрацы з Беларуссю. Дакумент быў падпісаны 3 чэрвеня 2024-га, Беларусь завяршыла працэдуру яго ратыфікацыі 23 снежня таго ж года (адпаведны закон набыў моц 7 студзеня 2025 года).

Лукашэнка, віншуючы 11 ліпеня 2026 года Ухнаагійна Хурэлсуха з нацыянальным святам Наадам, прапанаваў яму здзейсніць візіт у адказ у Беларусь. Сам ён наведваў Манголію з дзяржаўным візітам 1–4 чэрвеня 2024 года.

Паводле вынікаў яго сустрэчы з мангольскім прэзідэнтам 3 чэрвеня таго года былі таксама падпісаныя міжурадавае пагадненне пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі і дарожная карта супрацы профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024–2026 гады; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене пасведчанняў кіроўцы; дарожная карта супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды інш.

Напярэдадні прыбыцця Лукашэнкі экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж (2009–2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “мае паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Амбасада Беларусі ў Манголіі было адкрыта 30 чэрвеня 2014 года, амбасада Манголіі ў Беларусі пачало працаваць толькі 21 траўня 2020 года.

Паводле звестак беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў 2021 годзе склаў 43 млн 554,9 тыс. долараў. Пры гэтым з Беларусі ў Манголію было пастаўлена прадукцыі на 43 млн 540,1 тыс., а з Манголіі ў Беларусь — усяго на 14,8 тыс.

Даныя па гандлі за наступныя гады не апублікаваныя.

Падзяліцца: