Мінск 18:08

Аэрапорт у Каўнасе прыпыняў працу праз магчымы прылёт аэрастатаў з Беларусі

Ілюстрацыя: фэйсбук-старонка аэрапорта ў Каўнасе

25 кастрычніка, Позірк. Аэрапорт у Каўнасе паведаміў аб прыпыненні працы ў сувязі з “гібрыднай атакай супраць Літвы, якая праводзіцца Беларуссю”.

Аэрапорт не працаваў з 23:37 гадзін 24 кастрычніка да 1:00 25-га.

“У небяспечных для авіяцыі зонах былі зафіксаваныя навігацыйныя пазнакі, характэрныя для паветраных шароў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Уварванне шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця вільнюскага аэрапорта, размешчанага недалёка ад мяжы. 9 аналагічных выпадкаў зафіксавана ў 2026 годзе. Таксама прыпыняў працу аэрапорт у Каўнасе.

Паветраная кантрабанда з Беларусі ўвосени і на пачатку зімы 2025 года паслужыла каталізатарам абвастрэння адносін паміж Вільнюсам і Мінскам.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада 2025 года закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, з гэтай прычыны ў краіне захрасла больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі сёлета 23 сакавіка, але дагэтуль не завяршыўся.

Літва называла спыненне сітуацыі з уварваннем аэрастатаў адной з умоў для пачатку дыялогу з Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу патрабуе ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

Падзяліцца: