Падазраваны ў нападзе на сталічную ювелірную краму быў затрыманы ў аўтобусе на шляху ў Санкт-Пецярбург
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 жніўня 2026 года ў 13:03

24 жніўня, Позірк. Падазраваны ў нападзе на сталічную ювелірную краму быў затрыманы ў Аршанскім раёне (Віцебская вобласць) — у аўтобусе, які ехаў з Мінска ў Санкт-Пецярбург, паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 жніўня начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Аляксандр Копішаў.
Сцвярджаецца, што ў расійскім горадзе 34-гадовы жыхар Мінска меў намер збыць выкрадзеныя ювелірныя вырабы, пра што ўжо дамовіўся праз інтэрнэт.
У сувязі з тым, што падазраваны мог быць узброены і мог паспрабаваць, напрыклад, захапіць закладнікаў, яго затрымлівалі супрацоўнікі антытэрарыстычнага спецпадраздзялення “Алмаз”.
Асоба мужчыны была высветленая пасля таго, як на гарышчы дома па вул. Каліноўскага, дзе ён, як заяўлена, хаваўся пасля рабавання, былі выяўленыя яго красоўкі і медыцынская маска. У шахце ліфта была знойдзеная клятчастая сумка, якая была ў падазраванага падчас здзяйснення нападу, а ў смеццеправодзе — спартыўная сумка, што захрасла, са скрынкамі і падстаўкамі з-пад ювелірных вырабаў.
Прадстаўнік Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Траццякоў адзначыў, што ў выніку судовай генетычнай экспертызы слядоў на медыцынскай масцы эксперты вызначылі генатып мужчыны. Звесткі праверылі праз базу аўтаматызаванай ідэнтыфікацыйнай сістэмы ДНК — было выяўлена супадзенне з тым самым 34-гадовым мінчуком. У мужчыны няма судзімасцяў, раней ён прыцягваўся толькі да адміністрацыйнай адказнасці — за хуліганства.
Начальнік аддзела Следчага камітэта па Першамайскім раёне Мінска Міраслава Хлышчэнка-Хазаноўская паведаміла, што дакладны кошт выкрадзеных вырабаў пакуль не вызначаны, але дакладна перавышае 400 тыс. рублёў. У сувязі з гэтым абвінавачанні ў рамках раней распачатай крымінальнай справы будуць перакваліфікаваныя з ч. 2 на ч. 3 арт. 207 КК (разбой, здзейснены з мэтай завалодання маёмасцю, у асабліва буйным памеры). Санкцыяй артыкула прадугледжанае пакаранне — ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штраф.
Пра затрыманне падазраванага ў разбойным нападзе на ювелірную краму ў Мінску МУС паведаміла 23 жніўня.
21 жніўня паведамлялася, што сілавыя органы ў Мінску шукаюць рабаўніка, які напаў са зброяй на ювелірную краму. Паводле даных СК, у той дзень каля 17:57 у аператыўна-дзяжурную службу паступіла паведамленне пра ўзброены напад на гандлёвы аб’ект.
“Невядомы мужчына ўвайшоў у памяшканне ювелірнай крамы і, пагражаючы прадаўцу прадметам, падобным да пісталета, трапіў за вітрыну. Зламыснік выкраў ювелірныя вырабы, пасля чаго збег”, — адзначаў СК.
Пра разбойны напад у сталіцы паведаміла таксама МУС: “На пр. Незалежнасці, 155 каля 17:50 мужчына ў медыцынскай масцы, пагражаючы прадметам, падобным да пісталета, завалодаў ювелірнымі вырабамі, пасля чаго збег з месца злачынства”.
Па пазначаным адрасе ў Першамайскім раёне Мінска (ля станцыі метро “Усход”) знаходзіцца ювелірная крама “Самацветы”.
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 жніўня — 4 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства


