Мінск 01:34

Урад Літвы 19 лістапада можа прыняць рашэнне аб адкрыцці мяжы

18 лістапада, Позірк. Рашэнне аб адкрыцці мяжы з Беларуссю можа быць прынята на пасяджэнні Кабінета міністраў Літвы 19 лістапада, заявіла прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

“Калі сітуацыя не зменіцца і ў нас будуць такія ж вынікі, якія мы бачым сёння, то я асабіста падтрымліваю [такое рашэнне], але давайце дачакаемся рашэння ўрада, бо гэта, у рэшце рэшт, калегіяльны орган”, — цытуе яе LRT.

Калі пункты пропуску будуць адкрыты, то фурам з літоўскай рэгістрацыяй “павінна быць дазволена вярнуцца ў Літву”, сказала палітык.

Сітуацыя змяняецца штодня, і Вільнюс пакідае за сабой права “наогул не адкрываць памежныя пункты або ў любы момант зноў іх закрыць, калі яны будуць адкрыты”, адзначыла Ругінене.

Прэм’ер-міністр звярнула ўвагу, што ў апошні час маштабы выкарыстання паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі сапраўды зменшыліся. Яна не звязвае гэта са змяненнем умоў надвор’я.

“На працягу прыкладна тыдня мы фіксуем невялікую колькасць шароў — ад нуля да двух-трох, найчасцей яны не перасякаюць нашу мяжу. Як вы маглі заўважыць, праца аэрапорта не парушана, самалёты лётаюць… У першую чаргу хачу падзякаваць нашым службам, якія ў апошнія тыдні працавалі вельмі добра”, — заявіла Ругінене.

Назіраліся “пэўныя пазітыўныя моманты” і з беларускага боку, дадала прэм’ер Літвы.

На пытанне, ці мяркуе яна, што рашэннем аб закрыцці пунктаў пропуску быў дасягнуты жаданы вынік, прэм’ер-міністр запэўніла, што ўсё рабілася дзеля бяспекі краіны: “Гэта не латарэйны білет, які сціраеш і адчуваеш сябе пераможцам або прайграўшым. Мой абавязак як прэм’ер-міністра — забяспечваць бяспеку краіны. І ўсе дзеянні, што былі зроблены або будуць зроблены ў будучыні, накіраваныя на бяспеку дзяржавы. <…> Я рада, што за гэтыя тыдні ў нас засталіся адкрытыя аэрапорты і мы можам пачувацца сапраўды ў бяспецы”.

У канцы кастрычніка Літва сутыкнулася са шматразовым масавым прылётам з тэрыторыі Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. У адказ Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

Падзяліцца: