Мінск 15:05

Ціханоўская вітае вызваленне каталіцкіх святароў Акалатовіча і Юхневіча

20 лістапада, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітала вызваленне каталіцкіх святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча.

Іх вызваленне з’яўляецца “напамінам пра тое, што салідарнасць і міжнародная ўвага і дзеянні маюць значэнне”, адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале.

Дэмлідар выказала “глыбокую ўдзячнасць” папу Льву XIV і Святому пасаду за іх “пастаянную, прынцыповую пазіцыю, за маральную падтрымку і намаганні па абароне беларускіх святароў і вернікаў”.

“Мы памятаем і высока цэнім публічныя крокі Ватыкана, у тым ліку наш удзел у развітанні з папам Францішкам, кантакты з апостальскай нунцыятурай у Вільнюсе ды іншыя жэсты салідарнасці”, — напісала Ціханоўская.

У той жа час яна падкрэсліла, што дэмсілы вядуць пастаянную і сістэмную працу са Святым пасадам, і пытанне вызвалення святароў і ўсіх незаконна зняволеных беларусаў з’яўляецца ў гэтых кантактах адным з ключавых.

Ціханоўская нагадала, што за кратамі застаюцца “іншыя вернікі і людзі веры, якія сталі ахвярамі рэпрэсій”.

“Мы настойваем, каб усе зняволеныя вернікі былі вызваленыя, а пераслед Касцёла і любых канфесій быў канчаткова спынены. Аніводзін чалавек не мусіць сядзець у турме за сваю веру, маральны выбар або служэнне блізкім”, — адзначыла палітык.

Дэмлідар выказала ўпэўненасць, што Беларусь мае быць і будзе краінай, у якой “веру паважаюць, а не караюць за яе”.

Пра вызваленне святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча стала вядома ранкам 20 лістапада з паведамлення прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ).

У ім было заяўлена, што Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі “вітае аднаўленне дыялогу” паміж Беларуссю і ЗША, а таксама “ўмацаванне кантактаў” з Ватыканам. Бускупства задаволенае кастрычніцкім візітам у Беларусь прэфекта Дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці і “дасягнутымі ім дамоўленасцямі”.

Адзначалася, што дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, які ў паведамленні названы “прэзідэнтам” і “кіраўніком дзяржавы”, і прадстаўнікам Святога пасада “захоўваецца пазітыўная дынаміка двухбаковых стасункаў, заснаваных на традыцыйных каштоўнасцях, брацтве, рэлігійнай талерантнасці і павазе да вернікаў”.

Пробашч каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласць), кіраўнік місіі ордэна аблатаў у Беларусі Анджэй Юхневіч знаходзіўся ў няволі з 8 траўня 2024 года. 30 красавіка 2025-га святар быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі. З раскладу суда вынікала, што яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, “якія тычацца палавых зносін з непаўналетнімі”.

У вернікаў атрымалася даведацца, што Юхневіч “цалкам адмаўляў абвінавачанні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць”. Паводле іх жа інфармацыі, абвінавачанне будавалася на паказаннях адной ці некалькіх “ахвяр”, якія, магчыма, сведчылі пад ціскам. Паводле звестак, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны.

Пробашча парафіі Святога Юзафа ў Валожыне (Мінская вобласць) Генрыха Акалатовіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада 2023 года. У снежні 2024-га ён быў прыгавораны да 11 гадоў зняволення за “здраду дзяржаве”.

Святара, паводле яго ж слоў, абвінавацілі ў “шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана”. Акалатовіч назваў абвінавачанне “грубай правакацыяй”, падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, назваў працэс судом у дачыненні да ўсяго каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Паводле даных праваабаронцаў, якія прызналі абодвух святароў палітвязнямі, Акалатовіч мае праблемы са здароўем. Раней ён перанёс інфаркт, пакутаваў ад анкалагічнага захворвання.

Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.

Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Падзяліцца: