Каталіцкіх святароў Акалатовіча і Юхневіча пасля вызвалення вывезлі за мяжу, цяпер яны ў Ватыкане — СМІ

21 лістапада, Позірк. Ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча адразу ж пасля вызвалення вывезлі за мяжу, цяпер яны знаходзяцца ў Ватыкане, паведамляе сайт навін katolik.life са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Адзначаецца, што ў горадзе-дзяржаве запланаваныя сустрэчы з вызваленымі.
Пра тое, што Акалатовіч і Юхневіч на волі, стала вядома ранкам 20 лістапада з паведамлення прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ).
У ім было заяўлена, што Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі “вітае аднаўленне дыялогу” паміж Беларуссю і ЗША, а таксама “ўмацаванне кантактаў” з Ватыканам. Біскупства задаволенае кастрычніцкім візітам у Беларусь прэфекта Дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці і “дасягнутымі ім дамоўленасцямі”.
Адзначалася, што дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, які ў паведамленні названы “прэзідэнтам” і “кіраўніком дзяржавы”, і прадстаўнікам Святога пасада “захоўваецца пазітыўная дынаміка двухбаковых стасункаў, заснаваных на традыцыйных каштоўнасцях, брацтве, рэлігійнай талерантнасці і павазе да вернікаў”.
Пробашч каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласць), кіраўнік місіі ордэна аблатаў у Беларусі Анджэй Юхневіч знаходзіўся ў няволі з 8 траўня 2024 года. 30 красавіка 2025-га святар быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі. З раскладу суда вынікала, што яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, “якія тычацца палавых зносін з непаўналетнімі”.
У вернікаў атрымалася даведацца, што Юхневіч “цалкам адмаўляў абвінавачанні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць”. Паводле іх жа інфармацыі, абвінавачанне будавалася на паказаннях адной ці некалькіх “ахвяр”, якія, магчыма, сведчылі пад ціскам. Паводле звестак, якія дайшлі да вернікаў, у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны.
Пробашча парафіі Святога Юзафа ў Валожыне (Мінская вобласць) Генрыха Акалатовіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада 2023 года. У снежні 2024-га ён быў прыгавораны да 11 гадоў зняволення за “здраду дзяржаве”.
Святара, паводле яго ж слоў, абвінавацілі ў “шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана”. Акалатовіч назваў абвінавачанне “грубай правакацыяй”, падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, назваў працэс судом у дачыненні да ўсяго каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Паводле даных праваабаронцаў, якія прызналі абодвух святароў палітвязнямі, Акалатовіч мае праблемы са здароўем. Раней ён перанёс інфаркт, пакутаваў ад анкалагічнага захворвання.
Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.
Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаРэжым у Беларусі выглядае моцным, але знутры ён пусты — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–20 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка



