За гады свайго кіравання Лукашэнка фактычна забіў беларускую навуку — дарадца Ціханоўскай

21 лістапада, Позірк. Калі б у навуковую сферу ўклалі “хаця б 10%” ад таго, што “закапалі ў неэфектыўную сельскую гаспадарку”, беларусы “жылі б у зусім іншай краіне”, заявіў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч.
Паводле яго слоў, вынікі айчыннай навукі ў сусветным заліку “глядзяцца не вельмі”. “Гаворка ідзе не пра абяцанні стварыць беларускі электрамабіль, вакцыну ад COVID-19 ці струнны транспарт. Міжнародная статыстыка ацэньвае ўзровень развіцця навукі паводле колькасці публікацый у аўтарытэтных выданнях. Па гэтым паказчыку Беларусь займае 79-е месца ў свеце, саступаючы Макаа і Непалу”, — адзначыў ён.
У пераліку “на душу насельніцтва” ў параўнанні з Латвіяй, Літвой, Польшчай паказчыкі Беларусі па колькасці навуковых публікацый “у пяць разоў ніжэй”, з Эстоніяй — “у дзесяць”, сказаў дарадца Ціханоўскай.
Адказ на пытанне, хто ў гэтым вінаваты, на яго думку, можна знайсці ў Глабальным індэксе ведаў. “У цэлым там пазіцыі Беларусі не такія дрэнныя: паводле параметра “даследаванні, развіццё і інавацыі” — 66-е месца паміж Паўночнай Македоніяй і Батсванай у 2024 годзе. Але паводле “спрыяльнасці асяроддзя” для даследаванняў — 85-е пасля Танзаніі. Паводле “спрыяльнасці кіравання” — 131-е пасля Гвінеі”, — прывёў даныя Церашковіч.
Паводле яго слоў, Нацыянальная акадэмія навук як форма арганізацыі даследчай дзейнасці — рэч “глыбока архаічная”. “У краінах, якія сапраўды з’яўляюцца сусветнымі лідарамі навуковых распрацовак, акадэміі існуюць хіба што як клубы вучоных, пляцоўкі для дыскусій або цырымоній для ўручэння навуковых узнагарод. У 21-м стагоддзі вытворчасць інавацый ажыццяўляецца ў навукова-тэхналагічных кластарах, накшталт “Крамянёвай даліны” ў ЗША і “Крамянёвых Вадзі (пустынь)” у Ізраілі”, — удакладніў эксперт.
“Справа не толькі ў адсутнасці адпаведных арганізацыі і кіравання, — лічыць ён. — Жаданне атрымаць навуковы вынік і толькі потым за яго плаціць, як абяцае Лукашэнка, падобна да імкнення даіць карову ў абмен на абяцанні даць паесці толькі калі малако будзе якаснае. Вынік ад такога гаспадарання прадказаць няцяжка — не будзе ні малака, ні самой каровы. Тое ж і з беларускай навукай”.
Дарадца перакананы, што за гады свайго кіравання Лукашэнка “фактычна забіў” навуку: “Напэўна, няма іншай галіны беларускай эканомікі, у якой яго ўмяшанне прывяло да такіх разбуральных вынікаў. Савецкая навуковая спадчына, пра якую так любяць згадваць праўладныя ідэолагі, выкінута на сметнік”.
Паводле даных Белстата, нагадаў эксперт, выдаткі на даследаванні ў Беларусі ў 2024 годзе склалі 1 млрд 447 млн рублёў (каля 424 млн долараў). Пры гэтым гадавы бюджэт толькі аднаго Гётынгенскага ўніверсітэта ў Германіі дасягае 1 млрд 438 млн еўра, прывёў параўнанне Церашковіч.
“Я скажу далікатна: трэба мець рэдкую ступень навукова-тэхналагічнай наіўнасці, каб чакаць, што за гэтыя грошы табе зробяць электрамабіль альбо вакцыну ад COVID-19. Карпарацыя Pfizer уклала ў сваю вакцыну каля 2 млрд долараў, яе партнёр BioNTech — яшчэ 445 млн”, — рэзюмаваў дарадца Ціханоўскай.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаРэжым у Беларусі выглядае моцным, але знутры ён пусты — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



