Мінск 11:27

Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Венесуэлы ў Беларусь

25 лістапада, Позірк. Запрашэнне прэзідэнту Венесуэлы наведаць Беларусь перадаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з амбасадарам краіны ў Расіі Хесусам Рафаэлем Саласарай Веласкесам 25 лістапада ў Мінску.

Ніколас Мадура пры гэтым названы “сябрам”.

“Венесуэла — не чужая для Беларусі краіна, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Даўно, вельмі даўно з вамі супрацоўнічаем. Хацелася б, каб нашыя адносіны былі больш інтэнсіўнымі, прасунутымі”.

Ён пры гэтым не выключыў свайго візіту ў Венесуэлу: “Я перакананы, што ў яго такое ж стаўленне і да мяне. Я буду ўсяляк імкнуцца да таго, каб знайсці час і наведаць Венесуэлу. Часы праблемныя, складаныя, цяжкія. Але тым не менш з любых становішчаў і сітуацый можна знайсці выйсце, трэба толькі імкнуцца да гэтага. Вы гэта не горш за мяне разумееце”.

“Мы паслядоўна салідарныя з баліварыянскім урадам на чале з Вамі і асуджаем любыя агрэсіўныя дзеянні супраць незалежнай Венесуэлы, якія неабгрунтавана напружваюць рэгіянальную абстаноўку ў Карыбскім басейне і Лацінскай Амерыцы”, — гаварылася 23 лістапада ў віншаванні Лукашэнкі прэзідэнту Мадуру з днём нараджэння (63 гады).

Пры гэтым віншавальнік не канкрэтызаваў, што мае на ўвазе.

У апошнія месяцы абвастрыліся стасункі паміж Вашынгтонам і Каракасам. ЗША нарасцілі вайсковую групоўку ў Карыбскім моры і нанеслі некалькі ўдараў па малых судах з Венесуэлы, афіцыйна — у сувязі з тым, што на іх перавозілі наркотыкі.

Паводле неафіцыйных даных, прэзідэнт Дональд Трамп абмяркоўваў магчымасць ваеннага зрынання Мадуры. ЗША абвінавачваюць яго ў сувязях з наркагандлем, што той катэгарычна адмаўляе.

17 лістапада Трамп заявіў пра магчымасць перамоў з кіраўніком венесуэльскага рэжыму.

Парламенцкія і рэгіянальныя выбары прайшлі ў Венесуэле ў траўні. Паводле афіцыйных даных, перамогу ў абедзвюх кампаніях атрымала кіроўная на чале з Мадурам кааліцыя Вялікі патрыятычны полюс Сімона Балівара. У парламенце блок атрымаў 256 месцаў з 285. Апазіцыя заклікала байкатаваць выбары, паводле афіцыйных даных, яўка склала менш за 43%.

У ліпені 2024-га ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх у трэці раз абвешчаны Мадура. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, ён набраў 51,2% галасоў, нязначна абышоўшы кандыдата аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%). Паводле незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымалі 65% выбаршчыкаў, а Мадуру — ад 14% да 31%.

Пасля выбараў у краіне пачаліся пратэсты апазіцыі. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і гумовыя кулі. Пратэсты былі канчаткова падаўлены ў пачатку жніўня мінулага года. Загінула як мінімум 28 чалавек, каля 200 былі параненыя. Улады арыштавалі каля 2.000 чалавек, з’явіліся паведамленні пра тое, што некаторыя зазналі катаванні.

Пазней частка апанентаў рэжыму была вызвалена з месцаў несвабоды.

Дэмакратычныя краіны не прызналі вынікі выбараў. Шэраг дзяржаў, уключаючы ЗША, прызналі Гансалеса абраным прэзідэнтам. Ён быў вымушаны пакінуць краіну праз пагрозы арышту ў верасні мінулага года.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла некалькі сустрэч з Гансалесам.

Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці папярэдняга аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.

Падзяліцца: