Мінск 13:41

Беларускі спорт перажывае “адзін з самых няпростых перыядаў”, заявіў Віктар Лукашэнка на перамовах з кіраўніцай МАК

Фота: прэс-служба НАК Беларусі

26 лістапада, Позірк. Беларускі спорт перажывае “адзін з самых няпростых перыядаў у гісторыі”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка на перагаворах з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Ковентры, якія прайшлі праз відэасувязь.

“Абмежаванні закранулі не толькі спартсменаў найвышэйшага ўзроўню, але і юных атлетаў, якія толькі пачынаюць шлях у вялікім спорце”, — прывяла 26 лістапада словы Віктара Лукашэнкі прэс-служба НАК.

Функцыянер адзначыў, што “спорт павінен заставацца па-за палітыкай”, і выказаў спадзеў на тое, што паўнавартасны ўдзел беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах стане магчымым пры падтрымцы прэзідэнта МАК у найбліжэйшай будучыні.

Як сцвярджае камітэт пад кіраўніцтвам старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, Ковентры заявіла, што МАК мае намер падтрымліваць беларускіх спартсменаў. Варта адзначыць, што на сайце і старонках міжнароднага камітэта ў сацсетках няма згадак пра перагаворы з Віктарам Лукашэнкам, як і цытат Ковентры.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з прычыны вайны супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

На камандныя віды спорту рэкамендацыі МАК не распаўсюджваліся.

Некаторыя спартыўныя федэрацыі дапускаюць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў насуперак рэкамендацыям МАК.

Падзяліцца: