Мінск 21:22

КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” два польскія івэнт-агенцтвы і арт-прастору

5 снежня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў 12 лістапада “экстрэмісцкім фарміраваннем” два польскія івэнт-агенцтвы Terra Group Event і SSL Production, а таксама арт-прастору Skład Butelek (“Склад бутэлек”) у Варшаве.

5 лістапада былі ўнесеныя адпаведныя змены ў “пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў. Цяпер у спісе 321 арганізацыя.

Датычнымі да Terra Group Event і SSL Production названыя Віталь Крыўко і Андрэй Ярашэвіч.

Да “Складу бутэлек” (назва ў пераліку КДБ пазначана па-беларуску. — “Позірк”.) — Валянцін Бахцінаў, Сяргей Салаш, Дзмітрый Бабіцкі, Аляксандра Вішнеўская, Анастасія Цярэшка, Валерыя Бельская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзмітрый Кавалёнак і Сяргей Статкевіч.

У арт-прасторы перыядычна адбываюцца канцэрты беларускіх выканаўцаў.

Terra Group Event арганізоўвала мерапрыемствы для Wargaming, Softswiss і Andersen, а SSL Production праводзіць розныя падзеі ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве.

Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, у Terra Group Event працаваў зніклы ў Турцыі міжнародны каардынатар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоль Котаў.

19 лістапада яго жонка Анастасія Піліпчык заявіла агенцтву Reuters, што спадзяецца на вызваленне Котава ў рамках здзелкі з ЗША.

27 жніўня Піліпчык падала заяву ў пракуратуру Польшчы пра знікненне Котава. Праваахоўныя ведамствы Польшчы не сталі распачынаць справу, бо ён не з’яўляецца грамадзянінам Польшчы і знік на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Апошняе паведамленне ад мужа жанчына атрымала ў 21:12 паводле польскага часу 21 жніўня, а апошняе яе паведамленне, якое ён праглядзеў, было адпраўлена ў 21:28. Пасля гэтага Котаў на сувязь больш не выходзіў.

23 і 24 жніўня Піліпчык патэлефанавала і напісала ў Генеральнае консульства Польшчы ў Стамбуле і звярнулася ў раённы аддзел паліцыі ў Варшаве. 25 жніўня яна адправіла заяву аб знікненні чалавека ў Дэпартамент паліцыі Стамбула па электроннай пошце.

Усе гэтыя дзеянні не далі выніку.

Пра тое, што Котаў, які прыбыў 21 жніўня з Варшавы ў Стамбул, увечары таго ж дня пакінуў Турцыю праз порт Трабзона, паведаміла 28 жніўня турэцкае навінавае агенцтва IHA.

Пазней у той жа дзень кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін паведаміў, што “калегі і блізкія Анатоля Котава падазраюць яго прымусовую неафіцыйную экстрадыцыю з тэрыторыі Турцыі”.

Пра тое, што Котаў накіраваўся ў Сочы на прыватнай яхце, паведаміла Deutsche Welle са спасылкай на “крыніцу ў паліцыі Трабзона” 29 жніўня.

27 жніўня БФСС заклікаў міжнародную спартыўную супольнасць і праваабарончыя арганізацыі “тэрмінова звярнуць увагу на знікненне” функцыянера, якога назваў “выбітным спартыўным чыноўнікам” і “даўнім абаронцам правоў беларускіх спартсменаў”.

БФСС адзначаў, што Котаў 21 жніўня адправіўся ў Стамбул па “прафесійных справах”.

Котаў — былы супрацоўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і Упраўлення справамі прэзідэнта, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дыпламат з досведам працы ў Міністэрстве замежных спраў.

У 2020 годзе пакінуў дзяржаўную службу, падтрымаў масавыя пратэсты і далучыўся да БФСС. Праз невялікі час пасля гэтага эміграваў у Польшчу.

Падзяліцца: