Лукашэнка заклікаў Літву вырашаць за сталом перагавораў праблему з грузавікамі, што захраслі ў Беларусі

9 снежня, Позірк. У Літве “пачынаюць гвалтам крычаць” наконт грузавікоў, што засталіся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы Вільнюсам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі.
“Калі яны (аўтамабілі. — “Позірк”.) валяюцца на ўзбочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта непрымальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся, — цытуюць спікера дзяржСМІ. — Не трэба “на дурніцу” крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян ці ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэтая тэма ляжыць у плашчыні нашых перагавораў і нашых стасункаў”.
“Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных стасункаў — сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма”, — заявіў Лукашэнка.
Паведамляецца таксама, што Лукашэнка выказаўся наконт “шароў з цыгарэтамі, якія лётаюць ці то ў Літву, ці то з Літвы”. Паводле яго слоў, адбылося “сур’ёзнае абмеркаванне пытання”, аж да “прыцягнення пілотаў грамадзянскай авіяцыі”. Палітык сцвярджае, што прэтэнзіі, якія выстаўляе Літва, “сапраўднасці не адпавядаюць”.
“Тое, што нам сёння высоўваюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары, як яны кажуць, па 200 (цяпер быццам ці то 20, ці то 50) туды залятаюць… Я размаўляў з лётчыкамі, пілотамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не прадстаўляе. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць. Навошта, паўстае пытанне”, — сказаў Лукашэнка.
4 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што ЗША падтрымаюць намаганні Літвы па вяртанні грузавікоў, што захраслі ў Беларусі. Паводле яе слоў, яна атрымала адпаведнае пацверджанне ад прадстаўнікоў Вашынгтона.
“На сённяшні дзень я маю запэўненне адносна іх падтрымкі, што ні для каго не з’яўляецца прымальным, што Беларусь сёння трымае ў закладніках аўтамабілі нашых перавозчыкаў, што шары з боку Беларусі ляцяць да нашых стратэгічных аб’ектаў. <…> Мы кажам пра тое, што такія дзеянні могуць быць прызнаныя тэрарызмам”, — адзначыла яна.
За некалькі дзён да гэтага, 2 снежня, кіраўніца літоўскага ўрада анансавала размову “па розных пытаннях” са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, які “рыхтуецца да паездкі ў Беларусь”. “Гэта тычыцца, у прыватнасці, сітуацыі не толькі з шарамі, але і з перавозчыкамі”, — сказала яна тады.
Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка



