Мінск 19:32

Дэмантаж пашкоджаных выбухам паверхаў жылога дома ў Гомелі яшчэ не завершаны

Фота: тэлеграм-канал Гомельскага аблвыканкама

21 снежня, Позірк. Дэмантаж верхніх паверхаў жылога дома ў Гомелі, пашкоджаных выбухам 17 снежня, яшчэ не завершаны, вынікае з паведамлення ў тэлеграм-канале мясцовага аблвыканкама.

“Па вуліцы Косарава, 3 працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў выбуху газу ў шматпавярхоўцы. Сёння на пляцоўку прыбыла тэхніка, якая будзе задзейнічана ў дэмантажы пашкоджаных канструкцый. Пасля падрыхтоўчых работ будаўнікі пачнуць разбор пліт”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3) у Гомелі ў дзень здарэння паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пазней ведамства заявіла, што ў выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі, пашкоджана вонкавая сценавая панэль дома”.

Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі ў той жа дзень паведаміў, што ў пад’ездзе, у адной з кватэр якога адбыўся выбух, “пражывала 78 чалавек, з іх 11 дзяцей”.

“Чатыры прадстаўнікі сталага веку, якім урачамі прадпісаны пасцельны рэжым, прынятыя нашымі медыкамі, для іх арганізуюць асаблівы догляд. Жыхарам, што маюць патрэбу, прадастаўленыя месцы для часовага пражывання, арганізаванае харчаванне. Асноўная задача на сённяшні дзень — супакоіць людзей, каб у гэтай складанай сітуацыі яны адчувалі сябе камфортна”, — заявіў тады чыноўнік. З тае пары пра пацярпелых ні ведамствы, ані дзяржаўныя СМІ не паведамлялі.

18 снежня ў Гомелі прайшло пасяджэнне гарадскога штаба па ліквідацыі наступстваў НС, на якім было вырашана дэмантаваць верхнія паверхі пацярпелага пад’езда. На наступны дзень на чарговым пасяджэнні штаба было заяўлена, што “дэмантаж пашкоджанай секцыі будынка будзе праводзіцца выбарачна, з захаваннем усіх патрабаванняў бяспекі для жыхароў суседніх пад’ездаў, а таксама для жыхароў суседняга дома”.

“Для забеспячэння захаванасці маёмасці грамадзян праводзіцца яе вопіс. Кампенсацыя шкоды будзе ажыццяўляцца ў вызначаным законам парадку”, — гаварылася ў паведамленні па выніках сустрэчы.

Падзяліцца: