Мінск 19:50

Умовы ўтрымання палітвязняў — катаванні ва ўсіх сэнсах, заяўляе праваабаронца Лабковіч

22 снежня, Позірк. “Тыя ўмовы, у якіх знаходзіліся палітвязні (і я ў тым ліку), — гэта, безумоўна, катаванні ва ўсіх сэнсах, нават не трэба ў гэтым сумнявацца”, — заявіў на прэс-канферэнцыі 22 снежня ў Вільнюсе нядаўна вызвалены і высланы з Беларусі праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

“Умовы былі надзвычай цяжкія, — распавёў ён пра свой досвед. — Напрыклад, у калоніі № 17 (я ў многіх месцах пабываў, мяне “пакаталі” па краіне) мне адразу начальнік сказаў, маўляў, з цябе робяць сябры, якія на волі, сакральную ахвяру, мы ім у гэтым, вядома, дапаможам ва ўсім. <…> Як ён сказаў, формула простая — маўляў, мы пеленгуем інтэрнэт, пра цябе адна згадка ў прэсе, ты адразу едзеш у штрафны ізалятар. Згадак было шмат, штрафных ізалятараў таксама хапала”.

“Гэта “адзіночкі” (адзіночныя камеры. — “Позірк”.) — надзвычай халодныя памяшканні. У кожнага розны ўзровень сацыяльнай сілы, для мяне вельмі цяжка праходзілі менавіта “адзіночкі”, калі ты адзін. Праз тыдзень, два, чатыры, пяць (у мяне было шмат, і сутак было шмат няспынна) сапраўды становіцца цяжка. Я размаўляў з многімі з нашай групы, з тымі, хто цяпер у Польшчы, якія распавядалі пра свой досвед (ён сапраўды патрабуе яшчэ асэнсавання), — гэтыя катаванні “адзіночкамі” вельмі і вельмі цяжкія”, — дадаў праваабаронца.

Лабковіч адзначыў, што маральны і псіхалагічны ціск быў заўсёды, аднак былі выпадкі таксама і “фізічнага ўздзеяння”. “Было шмат момантаў, пра якія я, праўда, зараз не гатовы згадваць. <…> Я дакладна ўпэўнены, што вельмі добрыя і цудоўныя людзі, якія знаходзяцца зараз як мінімум у калоніі № 17, калі я пачну распавядаць, што там адбывалася, яны сёння ж паедуць у штрафны ізалятар”, — сказаў ён. Праваабаронца заклікаў “паставіцца да гэтага з паразуменнем”, паколькі ў згаданай ім установе “рэакцыя толькі такая”.

“Я пабываў паўсюль — і ў СІЗА КДБ, і ў Жодзіне, — таму магу выдаваць даведнік па гэтых месцах, ацэнкі ставіць. Нават не трэба ў гэтым сумнявацца, людзі, якія там знаходзяцца, у небяспецы, гэта сапраўды катаванні”, — падкрэсліў ён.

Падзяліцца: