Мінск 14:20

“Забяспечанасць жыллём” да 2030 года плануецца давесці да 33 кв. м на кожнага жыхара

Ілюстрацыйнае фота: Artem Labunsky / unsplash.com

30 снежня, Позірк. Зводны мэтавы паказчык “забяспечанасць насельніцтва жыллём” да 2030 года плануецца давесці не менш як да 33 квадратных метраў у разліку на аднаго жыхара Беларусі, вынікае з зацверджанай Саветам міністраў дзяржаўнай праграмы “Будаўніцтва жылля” на чарговы пяцігадовы перыяд.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведаміла 30 снежня прэс-служба ўрада.

Варта адзначыць, што ў аналагічнай дзяржпраграме на той пяцігадовы перыяд, які цяпер завяршаецца, згаданы паказчык быў вызначаны на ўзроўні 30 кв. м па выніках 2024 года (фактычна — 30,4 кв. м) і 30,3 кв м па выніках 2025-га (даных пакуль няма).

Згодна з новай праграмай, за 2026–2030 гады плануецца ўвесці эксплуатацыю на падставе дзяржаўнай замовы 1.250 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, электрадамоў — не менш за 2.000 тыс. кв. метраў.

Запланавана павялічыць аб’ёмы арэнднага жылля (увод агульнай плошчы такога жылля за пяцігоддзе — не менш за 5.000 тыс. кв. метраў, або каля 25% усяго разліковага аб’ёму), развіваць індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва (доля ўзвядзення індывідуальных жылых дамоў у агульным аб’ёме жыллёвага будаўніцтва — не менш за 40% штогод).

“Фінансаванне ў аб’ёмах зыходзячы са штогадовага разліковага аб’ёму ўводу каля 4000 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада. — Пастанова дае магчымасць арганізаваць працу па забеспячэнні патрэбы грамадзян у жыллі розных спажывецкіх якасцяў, рытмічнае фінансаванне будаўніцтва жылля і інфраструктуры, а таксама падвысіць забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара”.

У студзені — лістападзе 2025 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 37,2 тыс. новых кватэр — на 12,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года (33,1 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 3 млн 561,7 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (3 млн 304,3 тыс. кв. м; +7,8%).

У 2025 годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 4,5 млн. кв. м жылля, вынікае з задання ўрада (за 11 месяцаў выканана 79,1% плана).

У 2024 годзе ў краіне павінна было быць пабудавана 4,4 млн кв. м жылля. Паводле даных Белстата, было ўведзена ў эксплуатацыю 4 млн 390 тыс. 544 кв. м (99,8% плана).

У 2023-м пры заданні ў 4,3 млн кв. м пабудавана 4 млн 195 тыс. 92 кв. м (97,6%), у 2022-м — 4,2 млн кв. м і 4 млн 222 тыс. 619 кв. м адпаведна (100,5%).

Падзяліцца: