Мінск 23:24

Крымінальная справа ўзбуджана супраць святара Аляксандра Кухты

Аляксандр Кухта і Георгій Рой падчас набажэнства
Архіўнае відэа: "Белсат" / стоп-кадр "Позірк"

2 студзеня, Позірк. У адносінах да святара Аляксандра Кухты ўзбуджана крымінальная справа, паведаміў ён у сваім тэлеграм-канале.

“Я даведаўся, што ў Беларусі на мяне завялі крымінальную справу за “вярбоўку ці іншае ўцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць” трэціх асоб. Ад двух да шасці гадоў, між іншым! Так што, дарагія сябры і падпісчыкі, будзьце асцярожныя і ведайце, што я тут не проста хіханькі паказваю, а вярбую вас у экстрэмізм”, — напісаў Кухта.

Такім чынам, гаворка ідзе аб арт. 3614 КК.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” 2 студзеня святар заявіў: “Я не ведаю, з чым звязаны менавіта зараз мой крымінальны артыкул”.

Кухта выказаў меркаванне, што гэта выклікана або шэрагам інтэрв’ю беларускім незалежным СМІ, або яго працай у BySol: “Або першае, ці другое, ці ўсё разам”.

“На маё жыццё гэта ніяк не ўплывае, таму што я ўжо даўно з’ехаў з Беларусі. І мяне з Беларуссю зараз тэхнічна нічога не звязвае”, — сказаў ён.

У красавіку 2023 года стала вядома, што святары Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата Аляксандр Кухта і Георгій Рой, якія пакінулі краіну з-за пераследу ўладаў у сувязі з пазіцыяй па ўнутрыпалітычным крызісе і расійскай агрэсіі ва Украіне, прыняты ў Канстанцінопальскую праваслаўную царкву.

У Вільнюсе яны заснавалі беларускую парафію Сусветнага патрыярхату. Епіскапат Беларускага экзархата РПЦ аб’явіў, што Кухце і Рою забаронена служыць, паколькі яны “самавольна пакінулі” свае парафіі і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата без адпускных грамат.

У кастрычніку 2025 года Кухта паведаміў СМІ, што больш за два гады курыруе персанальныя зборы на платформе фонду салідарнасці BySol (прызнаны ўладамі “экстрэмісцкім фарміраваннем”).

З пачатку восені 2020 года па 29 лістапада 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія“, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 92 хрысціянскія служыцелі, у т.л. рымска-каталіцкага касцёла — 35, евангельскіх цэркваў — 29, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — пяць.

Падзяліцца: