Мінск 23:44

На 8 гадоў пазбаўлены волі віноўнік ДТЗ у Воранаўскім раёне з гібеллю дваіх дзяцей

Архіўнае фота: СК

6 студзеня, Позірк. Суд Воранаўскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў да 8 гадоў пазбаўлення волі віноўніка смяротнай аварыі, якая адбылася 29 траўня 2025 года і пацягнула гібель дваіх дзяцей, паведамляе Генеральная пракуратура.

Таксама фігурант справы аштрафаваны на 60 базавых велічынь (2.700 рублёў) і пазбаўлены права на працягу васьмі гадоў займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспарту.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 5 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб, а таксама прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) і ч. 3 арт. 159 (свядомае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан) Крымінальнага кодэкса.

На карысць пацярпелых спагнана грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 325 тыс. рублёў.

Прыгавор суда ў законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Крымінальная справа была накіраваная ў суд летась 4 лістапада.

Згодна з яе матэрыяламі, 55-гадовы жыхар Бабруйска (Магілёўская вобласць) ноччу 29 траўня 2025 года, “свядома парушыўшы правілы бяспекі, кіраваў аўтацягніком у стане ап’янення”, рухаючыся пры гэтым з хуткасцю каля 89 кіламетраў у гадзіну — пры максімальна дапушчальных 70 км/г.

На закругленні дарогі направа мужчына выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем “Аўдзі” пад кіраваннем 34-гадовага жыхара Воранаўскага раёна, які вяртаўся дадому з жонкай і трыма малалетнімі дзецьмі (узрост — ад 1 года да 5 гадоў).

У выніку аварыі загінула двое дзяцей (2019 і 2024 гадоў нараджэння), аднаму дзіцяці (2020 г.н.) прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пры гэтым кіроўца “Аўдзі” і яго 27-гадовая жонка атрымалі менш цяжкія і лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовага разладу здароўя.

“Пасля аварыі абвінавачаны не аказаў пацярпелым неабходную і, відавочна, неадкладную дапамогу, хоць меў такую магчымасць і быў абавязаны гэта зрабіць, — заявіла пракуратура. — Не паведаміў аб ДТЗ ва ўстанову аховы здароўя або органы ўнутраных спраў, а ўцёк з месца здарэння, пакінуўшы пацярпелых у небяспецы. Праз чатыры гадзіны супрацоўнікі памежных органаў з ужываннем службовага сабакі знайшлі кіроўцу аўтацягніка ў яры за тры кіламетры ад месца здарэння. Праведзеным пасля затрымання медыцынскім аглядам пацверджана канцэнтрацыя этылавага спірту ў яго крыві на ўзроўні больш за 1 праміле”.

Паводле даных следства, за рулём кіроўца піў каньяк — бутэлькі з-пад гэтага спіртнога выяўленыя ў кабіне грузавіка.

З паведамлення вынікала, што раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ДТЗ, якое пацягнула прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, пакаранне за гэтае злачынства адбыў. Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за перавышэнне хуткаснага рэжыму, здзяйсненне ДТЗ і пакіданне месца здарэння.

13 кастрычніка стала вядома, што мужчыне перакваліфікавалі абвінавачванне. Першапачаткова ў дачыненні да кіроўцы цягача распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Абвінавачванне было перакваліфікавана ў сувязі з новымі абставінамі — смерцю другога дзіцяці.

Падзяліцца: