Мінск 15:12

Улады Беларусі маюць намер забараніць разлік у замежнай валюце пры няпрофільных аперацыях паміж філіяламі замежных банкаў і рэзідэнтамі

13 студзеня, Позірк. Магчымасць выкарыстоўваць замежную валюту ў разліках паміж філіяламі замежных банкаў і рэзідэнтамі пры аперацыях з “валютнымі каштоўнасцямі, якія не адносяцца да банкаўскіх”, выключаецца ў законапраекце з папраўкамі ў закон “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”.

13 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі гэты дакумент у першым чытанні, паведаміла прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Паводле яе інфармацыі, Нацыянальны банк распрацаваў гэты законапраект, каб урэгуляваць стасункі, звязаныя з “дзейнасцю філіялаў замежных банкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пры правядзенні імі аперацый з валютнымі каштоўнасцямі і валютна-абменных аперацый”.

Дакумент таксама прадугледжвае, што філіялы замежных банкаў будуць праводзіць банкаўскія аперацыі з “валютнымі каштоўнасцямі, якія адносяцца да банкаўскіх”, у адпаведнасці з правіламі, вызначанымі для беларускіх банкаў.

Прапануецца забараніць фізічным асобам — нерэзідэнтам рабіць плацяжы і пераводы ў замежнай валюце на рахункі юрыдычных асоб — рэзідэнтаў, адкрытыя ў філіялах замежных банкаў.

Нерэзідэнтам, згодна з дакументам, можна адкрываць рахункі ў беларускіх рублях і (або) замежнай валюце ў філіялах замежных банкаў і праводзіць па іх аперацыі ў выпадках, прадугледжаных законам “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”.

Папраўкі прадугледжваюць магчымасць правядзення валютна-абменных аперацый на ўнутраным валютным рынку праз філіялы замежных банкаў, якія атрымалі дазвол Нацбанка.

У Палату прадстаўнікоў законапраект паступіў 10 снежня 2025 года. Галаўной камісіяй па законапраекце вызначаная Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

Падзяліцца: