Мінск 22:02

Ад снегу ачышчана 95% аб’ектаў пасажырскай інфраструктуры — БЧ

13 студзеня, Позірк. Аб ліквідацыі “наступстваў неспрыяльных умоў надвор’я” паведаміла 13 студзеня Беларуская чыгунка (БЧ).

“Працягваецца праца па ўборцы снегу на аб’ектах пасажырскай інфраструктуры, устаноўлены штосутачны кантроль за станам платформаў на станцыях і прыпыначных пунктах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што “ад снегу і наледзі ачышчаныя платформы на 876 аб’ектах пасажырскай інфраструктуры, што складае каля 95% ад усіх наяўных”.

“Арганізавана работа па вывазе снегу снегаўборачнымі цягнікамі і аўтамабільным транспартам. Штодня задзейнічана каля 1.400 чыгуначнікаў і больш за 30 адзінак спецтэхнікі. Праводзіцца тэхнічны агляд рухомага складу перад выхадам у рэйс”, — паведамілі ў БЧ.

Падкрэсліваецца, што дзеянні персаналу “ў перыяд багатых снегападаў, снежных заносаў і галалёду строга рэгламентуюцца адпаведнымі лакальнымі нарматыўнымі дакументамі”. Для ліквідацыі аварыйных сітуацый створаны “неабходны запас інструмента і матэрыялаў”.

“Беларуская чыгунка працягне ліквідаваць наступствы цыклона і аператыўна рэагаваць на змены ўмоў надвор’я”, — заяўляецца ў рэлізе.

Складаныя ўмовы надвор’я з нізкімі тэмпературамі і снегападамі захоўваюцца ў Беларусі з 8 студзеня.

Раней паведамлялася аб парушэнні праз снегапад графіка руху цягнікоў.

Падзяліцца: