Ваенныя хірургі вучаць грамадзянскіх аказваць дапамогу пацыентам з агнястрэльнымі раненнямі, семінары пройдуць ва ўсіх рэгіёнах

2 лютага, Позірк. Урачы 432-га галоўнага вайсковага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных сіл у рамках спецыяльна арганізаваных семінараў “дэманструюць методыкі працы з агнястрэльнымі траўмамі”, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Адзначаецца, што гаворка ідзе ў тым ліку аб траўмах, якія “атрымліваюць паляўнічыя праз парушэнні захадаў бяспекі пры абыходжанні са зброяй, а таксама — піратэхнічных”.
“На занятках адпрацоўваюцца дзеянні ў рамках клінічных пратаколаў. Рашэнне аб правядзенні заняткаў прынята сумесна Міністрам аховы здароўя і міністрам абароны”, — гаворыцца ў паведамленні.
Выязныя семінары праведзеныя ва ўстановах аховы здароўя ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), Магілёве і Барысаве (Мінская вобласць). Анансуецца іх правядзенне ў Мінску, Маладзечне і Салігорску (Мінская вобласць), а таксама ў “абласных бальніцах і міжраённых цэнтрах”. “Такая методыка абраная для максімальнага ахопу аўдыторыі навучэнцаў”, — адзначае Мінздароўя.
“Мэта сустрэч, — паведамляе ў сваю чаргу Міністэрства абароны, — азнаёміць урачоў-хірургаў з вопытам Рэспубліканскага цэнтра агнястрэльнай траўмы і парадкам аказання дапамогі пацыентам з агнястрэльнымі раненнямі”.
22 студзеня на цырымоніі ўручэння навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара беларускіх ваенных медыкаў пахваліў Аляксандр Лукашэнка.
“Жыццё настолькі змянілася, што гэтыя мінна-выбухныя траўмы і раненні людзей — гэта не толькі вайскоўцы, але і цывільныя, — сказаў ён. — Скажу шчыра: калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя (так расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады і прапагандысты называюць поўнамаштабную агрэсію РФ супраць Украіны. — “Позірк”.), я быў прыхільнікам таго, каб нашых урачоў (і не толькі вайскоўцаў) акунуць у тую рэальнасць, якая там адбываецца. А рэальнасць часам жудасная”.
Лукашэнка звярнуў увагу на працу беларускіх урачоў, якія аказвалі дапамогу параненым падчас абменаў ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай: “Калі пачаліся гэтыя абмены, асабліва мы накіроўвалі на поўдзень краіны — у раённыя бальніцы і гомельскую бальніцу. Я тады патрабаваў ад міністра аховы здароўя, каб больш нашы ўрачы бачылі, што адбываецца”.
2 кастрычніка 2025 года паведамлялася, што ўлады Ленінградскай вобласці (РФ) і Беларусі дамовіліся пра стварэнне “пастаяннай праграмы рэабілітацыі байцоў СВА”. Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту ў Беларусь дырэктара Усевалажскага мультыцэнтра сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Драздзенка.
Летась 30 верасня аб’яднанне BelPol паведаміла, што санаторый “Беларусь” у Сочы (РФ), які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, “даўно і рэгулярна” абслугоўвае расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.
24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

- ГрамадстваЗ-за змёрзлага вадаправода часткова не надае паслугі адзін з мінскіх медцэнтраўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені краіны ЕС зафіксавалі найменшы ад пачатку 2023 года месячны лік спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаСярэдні кошт кватэр на першасным рынку жылля ў 2025 годзе павялічыўся на 15,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
