Мінск 13:55

16 гадоў пазбаўлення волі атрымаў мужчына, які 21 год таму забіў жанчыну ў прысутнасці дзяцей

Архіўны відэазапіс: МУС / Следчы камітэт / стоп-кадр: "Позірк"

4 лютага, Позірк. Да 16 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі прыгавораны жыхар Магілёва за забойства ў 2005 годзе 27-гадовай жанчыны ў прысутнасці яе двух малалетніх дзяцей. Адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на пракуратуру Магілёўскай вобласці.

На карысць пацярпелага боку суд пастанавіў спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 250 тыс. рублёў.

Дзеянні цяпер ужо 45-гадовага фігуранта кваліфікаваныя паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю); ч. 3 арт. 159 (свядомае пакіданне ў небяспецы малалетніх, учыненае асобай, якая сама з ускосным намерам паставіла пацярпелых у небяспечны для жыцця і здароўя стан); ч. 2 арт. 205 (таемнае выкраданне маёмасці, учыненае паўторна).

Апошнія два абвінавачанні былі знятыя за заканчэннем тэрміну даўнасці.

Пракуратура адзначае, што мужчына абвінавачваўся ў забойстве ў 2005 годзе, але суд яго апраўдаў. Аднаўленню крымінальнай справы “спрыялі інавацыйныя следчыя метады і паказанні галоўнага сведкі“ — хлопчыка, якому было чатыры гады.

Паводле абвінавачання, у лютым 2005 года 24-гадовы жыхар Магілёва, які працаваў у прыватнага прадпрымальніка, скраў у яго электрадрэль. Гаспадар запатрабаваў кампенсаваць шкоду. Не маючы грошай, малады чалавек звярнуўся з просьбай аб адтэрміноўцы да жонкі працадаўцы, пакуль той быў у ад’ездзе.

Ён прыйшоў да жанчыны дадому, паміж імі выбухнула сварка. Мужчына схапіў кухонны нож і нанёс жанчыне мноства ўдараў, у тым ліку смяротны ў сэрца, паведамляе пракуратура. У суседніх пакоях у гэты час знаходзіліся двое яе малалетніх сыноў: малодшаму не было і года, старэйшаму — чатыры. Спрабуючы замесці сляды, фігурант інсцэніраваў рабаванне, раскідаўшы рэчы з шаф, і схаваўся, забраўшы з сабой толькі фотаапарат, які пазней выкінуў у раку.

У 2005 годзе падазраваны спачатку прызнаўся ў забойстве, але ў судзе заявіў, што, прыйшоўшы ў кватэру, ужо заспеў гаспадыню мёртвай. Тады суд палічыў гэтую версію пераканаўчай і вынес апраўдальны прысуд па самым цяжкім абвінавачванні, прызнаўшы мужчыну вінаватым толькі ў маёмасным злачынстве.

Паваротным момантам у адноўленым расследаванні крымінальнай справы сталі паказанні цяпер ужо дарослага сына загінулай.

“Для дапамогі сведку ў аднаўленні дэталяў трагічнага вечара следчыя звярнуліся да спецыяліста-псіхолага, які ўжыў метад актывізацыі памяці, — адзначае пракуратура. — Сведка змог дэталёва прайграць падзеі таго вечара: спакойная размова маці з госцем, яго рэзкі пераход на крык, гукі барацьбы і затым — жудасная цішыня. Ён апісаў, як мужчына пасля расправы абышоў усе пакоі, убачыў спячых дзяцей, і нават запомніў яго твар і рослую фігуру. Самай пранізлівай дэталлю сталі яго ўспаміны пра тое, як ён, маленькі хлопчык, усю ноч прасядзеў побач з целам маці, а пад раніцу, калі заплакаў малодшы брат, забраўся да яго ў ложачак і заснуў з ім“.

Ключавым доказам сталі таксама паказанні былога суседа абвінавачанага па камеры. Ён паведаміў, што адразу пасля затрымання ў 2005 годзе той падрабязна апісаў яму ўсе дэталі злачынства, не пакінуўшы сумненняў у сваёй датычнасці.

У ходзе расследавання былі праведзеныя шматлікія допыты, вочная стаўка, следчыя эксперыменты і судовыя экспертызы.

12 снежня 2025 года “Позірк“ паведамляў, што пракуратура перадала справу ў суд.

Наглядны орган адзначаў, што жанчыне было нанесена не менш за 30 удараў па галаве, грудзях і шыі на вачах дзяцей ахвяры. Адзначалася, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. “Жанчына памерла на месцы здарэння ад камбінаванай траўмы галавы, шыі і грудной клеткі. Яе цела знайшоў муж на наступны дзень. На падлозе побач з маці знаходзілася яе чатырохгадовае дзіця”, — адзначала пракуратура.

Сілавыя ведамствы Беларусі рэгулярна даюць справаздачу аб раскрыцці злачынстваў шматгадовай даўнасці. Як правіла, гэта звязана з новымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобы падазраваных з дапамогай экспертызы біяматэрыялаў.

Напрыклад, у Мінскай вобласці ў 2025 годзе раскрыта пяць забойстваў, учыненых з 1999-га па 2014 год, паведаміў намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі Сяргей Якубель на прэс-канферэнцыі 23 студзеня.

17 лістапада МУС дала справаздачу аб раскрыцці забойства мужчыны 1966 года нараджэння 17-гадовай даўніны, падазраваны затрыманы ў Расіі.

У той жа дзень Мінскі гарадзкі суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Ж. у здзейсненым у 1995 годзе забойстве і прыгаварыў яго да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

13 лістапада паведамлялася пра раскрыццё забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненага 34 гады таму.

12 кастрычніка МУС паведамляла пра раскрыццё жорсткага забойства сямейнай пары ў Віцебску 26 гадоў таму.

Падзяліцца: