Мінск 21:49

Мінэнерга адрэагавала на патрабаванне Лукашэнкі эканоміць на вулічным асвятленні — выпрацоўваецца “адзіны падыход да ўстанаўлення графікаў”

Фота: Мінэнерга

4 лютага, Позірк. У Міністэрстве энергетыкі 4 лютага абмеркавалі “карэкціроўку рэжымаў працы вулічнага асвятлення ў населеных пунктах”, паведамляе прэс-служба ведамства.

Мэтай нарады, якая прайшла ў Гродне пад старшынствам міністра энергетыкі Дзяніса Мароза, стала “эфектыўнае выкарыстанне электраэнергіі як стратэгічнага рэсурсу пры безумоўным забеспячэнні бяспекі і камфорту грамадзян”.

Энергетыкам даручана разам з мясцовымі органамі ўлады выпрацаваць “адзіны падыход да ўстанаўлення графікаў вулічнага асвятлення з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасцяў сельскіх населеных пунктаў”.

Чакаецца, што ў асноўным рэжымы асвятлення будуць фарміравацца “з улікам часу ўсходу і заходу сонца”. У зонах павышанай небяспекі (школы, бальніцы, пешаходныя пераходы) будзе прымяняцца асаблівы рэжым, гаворыцца ў паведамленні.

“Кіраванне вулічным асвятленнем, у асноўным, ажыццяўляецца ў дыстанцыйным фармаце з выкарыстаннем праграмных комплексаў, што дазваляе аператыўна карэктаваць графікі без ручнога ўмяшання і з улікам асаблівасцяў кожнай тэрыторыі”, — падкрэслілі ў Мінэнерга.

3 лютага ў Мінску на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых “скарэктаваць рэжым асвятлення на вуліцах”.

“Выеду ў Астрашыцкім Гарадку (пасёлак у Мінскім раёне, побач з якім знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі. — “Позірк”.), напрыклад, і ў іншых вёсках. Учора а 6 гадзіне вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. <…> Усё на вуліцах ліхтары ўключаны, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей за — усё гарыць. У шэсць гадзін вечара. Нашто? Ужо а палове на восьмую можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва зараз, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць”, — цытуе прамоўцу яго прэс-служба.

“Наракайце самі на сябе. Будзеце плаціць мінімум са сваёй кішэні”, — сказаў ён чыноўнікам.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму далажылі аб “некарэктнай рабоце фотаэлементаў”. “Лухта поўная. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна са штучным вашым інтэлектам адключалася ў 7 гадзін раніцы. І загаралася святло не ў 6 гадзін вечара, а ў 8. Палічыце — 4–5 гадзін [лішніх] гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай! Вось вашыя падыходы”, — дадаў Лукашэнка.

На яго думку, з такім падыходам чыноўнікі “краіну хочуць прывесці да вайны”: “Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе давядзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах давядзецца”.

Варта адзначыць, што беларускі рэжым рэгулярна заяўляе аб энергетычнай бяспецы краіны, якая ў ліку іншага дасягнута дзякуючы Беларускай атамнай электрастанцыі.

Падзяліцца: