Мінск 21:42

Янот, які прыбыў у кантэйнеры з ЗША, перададзены ў зааландшафтны парк у Баранавіцкім раёне

11 лютага, Позірк. Янот, які стаў вядомым пасля незвычайнага прыбыцця з ЗША ў кантэйнеры з аўтамабілямі і быў названы Сеня, 11 лютага дастаўлены з Ашмянскай раённай ветэрынарнай станцыі (Гродзенская вобласць) у парк жывёл “Дыпрыз“, размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), рашэнне аб гэтым прыняў Ашмянскі міжраённы аддзел упраўлення па Гродзенскай вобласці дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта.

Адзначаецца, што ў янота завяршыўся каранцін, ён паспяхова прайшоў ветэрынарнае абследаванне.

“У “Дыпрызе” Сеня будзе знаходзіцца пад наглядам спецыялістаў, абавязкова пакахае свой новы дом і будзе радаваць наведвальнікаў парку ў кантактнай экспазіцыі“, — упэўненыя ў ДМК.

16 студзеня прэс-служба ДМК паведаміла, што янот, выяўлены ў аўтамабілі, які прыбыў з ЗША, з вечара 14 студзеня знаходзіцца пад наглядам спецыялістаў Ашмянскай ветстанцыі.

“Пасля 72 гадзін каранціну будуць праведзеныя патрэбныя ветэрынарныя мерапрыемствы і вырашана пытанне аб далейшым “месцы жыхарства“ жывёлы, — гаварылася ў паведамленні. — Ужо зразумела, што незвычайнаму “пасажыру“ аўто, якое паступіла для афармлення ў Гродзенскую рэгіянальную мытню, з ежы спадабаліся больш за ўсё курыныя яйкі. Да людзей Сеня ставіцца прыязна”.

Як паведамляў Позірк, 14 студзеня супрацоўнікі Гродзенскай мытні і прадпрыемства “Белмытнясэрвіс“ выявілі янота ў аўтамабілі, які перамяшчаўся ў марскім кантэйнеры. Мытнікі выказалі здагадку, што жывёла “забралася ў кантэйнер яшчэ на этапе пагрузкі і паспяхова пераадолела доўгі шлях праз акіян“.

Тады адзначалася, што па завяршэнні каранцінных мерапрыемстваў янота перададуць у Налібоцкую пушчу (размешчана на тэрыторыі Гродзенскай і Мінскай абласцей) альбо ў Гродзенскі заапарк.

Падзяліцца: