Мінск 21:01

Мікалай Статкевіч знаходзіцца дома, аднаўляецца пасля інсульту — “Вясна” (дапоўнена)

Мікалай Статкевіч
Архіўнае фота: "Белсат"

19 лютага, Позірк. Палітвязень Мікалай Статкевіч знаходзіцца дома, ён аднаўляецца пасля інсульту. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на яго жонку Марыну Адамовіч.

Сваё паведамленне з сумесным фота Адамовіч размясціла ўвечары 19 лютага ў “Фэйсбуку“ не ў адкрытым доступе (у статусе “для сяброў”), аднак яно амаль адразу з’явілася ў медыяполе.

Напярэдадні яна напісала: “Асцярожная надзея. Замерці…“

Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021-га суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў рамках угоды паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, Аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Мікалай Статкевіч у пункце пропуску "Каменны Лог"
Відэазапіс: ДМК / стоп-кадр: "Позірк"

Яго далейшы лёс не быў вядомы. У атачэнні палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.

Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе“ ў 15-дзённы тэрмін.

У канцы лістапада “Вясна“ паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было ўказана.

17 верасня на “сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю“, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных апанентаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і сур’ёзныя злачынствы”.

“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — Позірк.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідэрам. Туды зайшоў — на накшталт нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.

“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж такі наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца“, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.

Падзяліцца: