Мінск 11:54

Пад Мінскам міліцыя са стралянінай спыніла фуру — чалавек за стырном не меў правоў, быў моцна п’яны, а транспарт ён угнаў

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

22 лютага, Позірк. У дачыненні да 44-гадовага жыхара Светлагорскага раёна (Гомельская вобласць) складзена шэсць адміністрацыйных пратаколаў, а таксама распачатая крымінальная справа па факце ўгону транспартнага сродку, паведаміла 22 лютага прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле звестак ведамства, супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі паступіла інфармацыя ад “неабыякавага грамадзяніна”, які паведаміў, што побач са сталіцай па трасе М-4 (Мінск — Магілёў) рухаецца грузавік “Івека” з паўпрычэпам, якім кіруе, верагодна, нецвярозы чалавек.

Экіпаж дарожна-патрульнай службы знайшоў тую фуру і падаў яе кіроўцу сігнал на спыненне. Той яго праігнараваў і толькі паскорыўся — пачаўся пераслед.

“Кіроўца не падпарадкоўваўся неаднаразовым законным патрабаванням міліцыянераў і спрабаваў уцячы, віхляючы на дарозе, тым самым ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян, — адзначыла МУС. — Спыніць фуру атрымалася з выкарыстаннем табельнай зброі і прымяненнем сістэмы прымусовага спынення”.

Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць у 44-гадовага мужчыны, што быў за стырном транспартнага сродку, 2,4 праміле алкаголю ў парах выдыханага паветра.

Паводле інфармацыі ведамства, раней гэтага чалавека пазбавілі правоў кіроўцы — за нецвярозае кіраванне. Транспарт ён, як сцвярджаецца, угнаў.

Мужчына змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Падзяліцца: