Мінск 17:50

Экс-кіраўнікі баранавіцкага медыя Intex-Press Янукевіч і Пакаленка пргавораныя да доўгіх тэрмінаў зняволення за “дзяржздраду”

Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка
Калаж: БАЖ

27 лютага, Позірк. Брэсцкі абласны суд 26 лютага прыгаварў да доўгіх тэрмінаў зняволення былых кіраўнікоў незалежнага баранавіцкага медыя Intex-Press Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Судовы працэс над медыяменеджарамі пачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле звестак БАЖ, іх абвінавацілі ў “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 Крымінальнага кодэкса).

Янукевіч прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі і аштрафаваны на 3.000 базавых велічынь (135 тыс. рублёў), Пакаленка — да 12 гадоў са штрафам 1.000 б.в. (45 тыс. рублёў).

Акрамя таго, адзначае БАЖ, “ёсць інфармацыя аб велізарным агульным спагнанні ў памеры каля 200 тыс. рублёў”.

Падрабязнасці справы невядомыя.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка працаваў у выданні намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі медыя ўладамі медыяменеджары стварылі навінавы рэгіянальны партал bar24.by.

Паведамляецца, што ў снежні 2024-га шэраг супрацоўнікаў bar24.by былі затрыманыя: “У іх жыллі, а таксама ў рэдакцыі сілавікі правялі ператрусы, забралі тэхніку. Некалькіх чалавек адпусцілі, а супраць шасці затрыманых, якіх змясцілі ў СІЗА, па распараджэнні брэсцкай пракуратуры завялі крымінальныя справы ў рамках арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)”.

Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. 13 студзеня 2025-га перастаў адкрывацца.

11 лістапада 2025 года чацвёра асуджаных супрацоўнікаў bar24.by — Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка і Людміла Зялянькова — былі дададзеныя ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Паводле даных БАЖ, іх прысудзілі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

БАЖ звяртае ўвагу, што “ў пачатку чэрвеня 2025 года на дзяржаўным тэлеканале АНТ у дзвюх частках выйшаў сюжэт Ігара Тура пра аблаву сілавікоў на рэдакцыі незалежных рэгіянальных СМІ, сярод якіх было і BAR24”.

“У віну СМІ ставілі супрацоўніцтва з нямецкай амбасадай, якую таксама абвінавацілі — у фінансаванні “экстрэмісцкіх” рэсурсаў (на момант публікацыі матэрыялаў у рамках супрацоўніцтва з амбасадай ні адно з названых у відэа СМІ не было ўнесена ў спіс “экстрэмісцкіх”). У сюжэце паказалі допыт супрацоўніцы BAR24”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рэдакцыя Intex-Press падвергнулася рэпрэсіям пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

4 траўня 2023 года сайт выдання быў заблакаваны паводле пастановы пракурора Брэсцкай вобласці. Падставай для такога рашэння былі названыя “шматлікія парушэнні” закона “Аб сродках масавай інфармацыі”.

На падставе заявы Баранавіцкай міжраённай пракуратуры мясцовы суд 29 красавіка прызнаў кантэнт сайта і ўсіх прадстаўніцтваў у сацсетках Intex-Press “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Сайт Intex-Press быў заблакаваны з канца снежня 2021 года да пачатку лютага 2023-га.

У 2021 годзе рэдакцыя, створаная ў 1994 годзе, вымушана была спыніць выпуск папяровай газеты. У офісе Intex-Press двойчы праходзілі ператрусы. У 2022 годзе карэспандэнт газеты Юрый Ганцарэвіч быў прыгавораны да 2,5 года пазбаўлення волі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” — перасылку калегам з “Радыё Свабода” фатаграфіі вайсковай авіятэхнікі.

Паводле даных БАЖ, у месцах пазбаўлення волі за сваю прафесійную дзейнасць утрымліваецца не менш за 28 работнікаў СМІ.

Падзяліцца: