Мінск 11:55

Побач з Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам здарыўся лясны пажар

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

13 сакавіка, Позірк. Побач з Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам (ПДРЭЗ) здарыўся лясны пажар, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якая ахоплівае перыяд з 6 раніцы 12 сакавіка да 6 раніцы 13 сакавіка.

Паводле інфармацыі ведамства, да тушэння ўзгарання ля аграгарадка Стралічава (Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) былі прыцягнутыя восем супрацоўнікаў ПДРЭЗ, задзейнічана тры адзінкі тэхнікі. З даных МНС вынікае, што плошча ляснога пажару склала 0,61 гектара (крыху менш за футбольнае поле).

Стралічава знаходзіцца за 4 км на поўнач ад мяжы ПДРЭЗ і на такой жа адлегласці на поўдзень ад Хойнікаў.

У верасні 2024 года непасрэдна на тэрыторыі радыяцыйна-экалагічнага запаведніка здарыўся лясны пажар на плошчы 14,5 га (каля 20 футбольных палёў).

Утвораны ў 1988 годзе ПДРЭЗ займае 215 тыс. га на тэрыторыі раёнаў Гомельскай вобласці — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Падзяліцца: