Мінск 13:21

12 сакавіка ў Беларусі перакрыты абсалютны тэмпературны рэкорд дня

Ілюстрацыя: "Позірк"

13 сакавіка, Позірк. Новы тэмпературны рэкорд дня зафіксаваны 12 сакавіка ў Беларусі, сведчыць праведзены Позіркам параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.

У Кобрыне паветра прагрэлася да 18,8 градуса цяпла. Гэта на 1 градус вышэй за ранейшы гістарычны максімум, зарэгістраваны 24 гады таму ў Лельчыцах.

Абнавіліся лакальныя максімумы на 35 з 48 метэастанцый з даступным архівам назіранняў. Большасць перакрытых рэкордаў адносяцца да 2002-га і 2025 гадоў.

Найдаўжэй — 29 гадоў — пратрымаліся рэкорды цяпла на крайняй поўначы краіны, у Езярышчы (14,5 супраць 11,1 градуса) і Верхнядзвінску (13,3 супраць 10,4).

Абнавіліся экстрэмумы ў Мінску і трох абласных цэнтрах. У сталіцы тэмпература дасягнула 14,7 градуса (14,2 у 2025 годзе), у Брэсце — 17,6 (16,3 у 2001-м), Гродне — таксама 17,6 (13,7 у 2001-м), Віцебску — 14,9 (11,4 у 2002-м).

13 сакавіка Белгідрамет прагназуе да 19 градусаў цяпла. Рэкорд дня — 19,9 (у 2002 годзе ў Брагіне).

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: