Мінск 15:19

Лукашэнка анансаваў вяртанне літоўскіх фур з 23 сакавіка

20 сакавіка, Позірк. З 23 сакавіка Беларусь пачне вяртанне фур Літве, вынікае са слоў Аляксандра Лукашэнкі дзяржСМІ 20 сакавіка.

“Я даручыў ураду: “Давайце вы сустрэнецеся і па-чалавечы з імі пагаворыце”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Селі за стол перамоў, выслухалі іх і перадалі мне. Я прыму рашэнне, і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнём. Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў”.

Аратар таксама заявіў, што літоўскія і польскія перавозчыкі звярнуліся да яго з лістамі, і ён мог “паўзу нейкую зрабіць, ну каб нарэшце ў Літве або ў іншых краінах зразумелі, што трапілі ў лайно”, аднак “прыняў рашэнне хутка”.

Ён згадаў закрыццё Вільнюсам межаў і іншыя дзеянні ўладаў суседняй краіны: “Санаторый фактычна забралі,<…> пажарныя машыны арыштавалі”. “Ну, мы вырашылі гэтую праблему. Пажарныя машыны ўжо ў нас”, — дадаў пры гэтым Лукашэнка.

17 сакавіка прадстаўнікі ўрада Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным па даручэнні Лукашэнкі сустрэліся з прадстаўнікамі літоўскіх і польскіх аўтаперавозчыкаў, чые фуры ўтрымліваюцца на беларускай тэрыторыі.

Паводле слоў Турчына, “нягледзячы на магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, у беларускага боку дакладна няма намераў і жадання гэтым скарыстацца”.

Па выніках сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта адзначыў, што Мінск прыме рашэнне па фурах з літоўскай рэгістрацыяй і “паведаміць партнёрам з Літвы і Польшчы”. Пры гэтым ён папракнуў Вільнюс у нежаданні кантактаў на палітычным узроўні.

Дзеянні беларускіх уладаў, праз якія ў краіне захрасла тэхніка літоўскіх і іншых перавозчыкаў з краін Еўрасаюза, з’яўляюцца непрымальнымі і неабгрунтаванымі, паведамляла LRT 18 сакавіка, спасылаючыся на адказ Еўрапейскай камісіі, які атрымала Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў LINAVA.

Паводле інфармацыі медыя, пытанне затрымання грузавікоў, як заявіла Еўракамісія, “разглядаецца на найвышэйшым узроўні ЕС і ўжо вынесена на міжнародны парадак дня”.

Прэзідэнт LINAVA Эрландас Мікенас назваў сітуацыю “фактычнай замарозкай маёмасці літоўскіх кампаній”.

2 сакавіка LINAVA накіравала афіцыйны зварот у Еўракамісію па сітуацыі.

Згодна з сабранымі асацыяцыяй данымі, на тэрыторыі Беларусі затрымана не менш за 1.071 транспартны сродак, які належыць як мінімум 149 літоўскім транспартным кампаніям. З іх 496 — грузавыя цягачы, 575 — паўпрычэпы і іншая транспартная тэхніка. Агульны ідэнтыфікаваны кошт затрыманай маёмасці складае амаль 16 млн еўра.

Пры гэтым “дадаткова шэсць кампаній” папярэдне паведамілі, што ў Беларусі можа быць затрымана яшчэ каля 400 транспартных сродкаў.

Паводле даных LINAVA, “беларускія органы выстаўляюць дадатковыя фінансавыя патрабаванні — да 120 еўра за кожны транспартны сродак у дзень, а таксама згадваецца пра магчымую канфіскацыю транспартных сродкаў праз чатыры месяцы”.

Напрыканцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрыты, рэжым Лукашэнкі паспеў узмацніць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, звязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

У 2023 годзе МНС Беларусі дамовілася пра пастаўкі тэхнікі, баявога адзення, рыштунку пажарных-ратавальнікаў у Зімбабвэ. Гаворка ішла пра больш за 130 пажарных аўтацыстэрнаў вытворчасці ТАА “Пажснаб” (Барысаў, Мінская вобласць). Частка машын была дастаўлена.

Годам раней у краіне адбыўся скандал вакол запланаваных паставак беларускай пажарнай тэхнікі. Парламент патрабаваў адмены кантрактаў, заключаных з адной з кампаній, якія кантралююцца ганаровым консулам Беларусі ў Зімбабвэ, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесменам Аляксандрам Зінгманам (у адкрытых крыніцах яе назвы няма).

У верасні 2024 года заяўлялася, што Вільнюс разглядае магчымасць перадачы Украіне пажарных аўтамабіляў з Беларусі, якія экспартаваліся ў Зімбабвэ і былі канфіскаваныя ў порце Клайпеды ў сувязі з санкцыямі.

У сакавіку 2025 года паведамлялася, што Літва плануе прадаць на аўкцыёне ўвезеныя з Беларусі ў абыход санкцый малакавозы і пажарныя аўтамабілі.

Да 2020 года санаторый Belorus у Друскінінкаі належаў галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У тым жа годзе праз санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да гэтага ведамства былі заблакаваны рахункі санаторыя. Аздараўленчая ўстанова аднавіла працу, калі са структуры выйшаў уключаны ў санкцыйны спіс Віктар Шэйман. У сярэдзіне чэрвеня 2021 года ўрад Беларусі змяніў і заснавальніка санаторыя, перадаўшы яго ў падпарадкаванне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

У чэрвені 2024 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў загадчыцу маркетынгавай службы санаторыя Belorus Алену Раманаўскене да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 3581 КК (агентурная дзейнасць). Вызвалена і вывезена з групай палітвязняў у Літву ў верасні 2025-га.

Літоўскі партал 15min.lt у студзені 2024 года са спасылкай на міграцыйную службу паведаміў, што галоўнаму ўрачу санаторыя Belorus Іллі Епіфанаву (верагодна, менавіта яго дзяржаўныя СМІ мелі на ўвазе ў кантэксце справы Раманаўскене) анулявалі від на жыхарства ў Літве, паколькі ён “можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы”. Мужчына не змог уехаць на літоўскую тэрыторыю.

Падзяліцца: