Мінск 15:24

Сайты беларускіх незалежных СМІ пацярпелі ад DDoS-атак

Ілюстрацыя: pixabay.com

26 сакавіка, Позірк. Адразу некалькі сайтаў беларускіх незалежных СМІ пацярпелі 24 і 25 сакавіка ад DDoS-атак.

Масіраваная атака адбылася ў другой палове дня 24 сакавіка на сайт інфармагенцтва “Позірк“. Крыху знізіўся ціск 25 сакавіка. У некаторыя перыяды часу сайт быў недаступны.

Акрамя таго, пра аналагічныя выпадкі паведамілі на сваіх сайтах і ў сацсетках рэдакцыі Reform.news, “Медыязона. Беларусь” і “Наша ніва” (nn.by).

Таксама атаку зведаў сайт дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, паведаміў журналістам яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

DDoS-атака — гэта кібератака, накіраваная на тое, каб зрабіць анлайн-рэсурс недаступным для карыстальнікаў з-за вялікай колькасці штучна ствараемых запытаў.

Верагодна, працы рэсурсаў перашкаджалі ўлады Беларусі ў сувязі з тым, што дэмакратычная грамадскасць 25 сакавіка адзначае Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Паралельна яны на 36 гадзін абмежавалі доступ з-за мяжы да некаторых дзяржаўных сайтаў.

Падзяліцца: