Мінск 00:28

Анансавана адкрыццё Офіса дэмсіл у Мадрыдзе

Святлана Ціханоўская і Хасэ Мануэль Альбарэс
Фота: прэс-служба Ціханоўскай

7 красавіка, Позірк. Адкрыццё Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Мадрыдзе абмеркавала Святлана Ціханоўская з міністрам замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэлем Альбарэсам 7 красавіка падчас візіту ў гэтую краіну, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

Адкрыццё Офіса запланавана на 2026 год, на пасаду кіраўніка вылучана Таццяна Марыніч. Адзначаецца, што дзейнасць Офіса ў Мадрыдзе будзе накіраваная “не толькі на супрацоўніцтва з Іспаніяй, але і на працу з больш шырокім рэгіёнам”.

Ціханоўская таксама паведаміла кіраўніку МЗС Іспаніі аб працэсе вызвалення палітвязняў, а таксама цяжкасцях, з якімі яны сутыкаюцца пасля вызвалення або прымусовай высылкі з краіны.

Дэмлідар падзякавала міністру за ўклад у памеры 50 тыс. еўра ў міжнародны гуманітарны фонд, пры гэтым на сустрэчы быў узгоднены другі ўклад.

Таксама абмяркоўвалася падтрымка Украіны: Ціханоўская распавяла аб двухбаковай сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і адзначыла, што новая дынаміка ў адносінах “адкрывае дадатковыя магчымасці для далейшага супрацоўніцтва і каардынацыі сумесных дзеянняў”.

Ціханоўская выказала падзяку Альбарэсу за прызнанне Іспаніяй пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў, бакі дамовіліся працягнуць працу па “вырашэнні пытанняў з апастылямі і даведкамі аб адсутнасці судзімасці”.

“Я вельмі ўдзячная міністру Хасэ Мануэлю Альбарасу за вельмі змястоўную і практычную сустрэчу. Мы абмеркавалі шмат важных пытанняў супрацоўніцтва — і будзем працягваць працаваць над іх рашэннем”, — адзначыла палітык.

Таксама прайшла сустрэча Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Іспаніі Пэдра Санчэсам. Кіраўнік іспанскага ўрада, паводле слоў дэмлідара, “вельмі добра ведае” сітуацыю ў Беларусі, ён запэўніў, што пазіцыя Мадрыда ў падтрымцы дэмакратычных зменаў у краіне “застаецца нязменнай”.

“Іспанія выразна адрознівае беларусаў і рэжым, Беларусь і Расію і будзе падтрымліваць тых, хто знайшоў тут, у Іспаніі, бяспечны прытулак. Мы шмат казалі пра палітычных зняволеных, Украіну, адносіны з ЗША і, вядома ж, пра тое, што яшчэ мы можам зрабіць разам з Іспаніяй”, — заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла: “Для нас важна, каб еўрапейская пазіцыя заставалася паслядоўнай для дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі”.

“Іспанія сама прайшла праз дыктатуру, яе падтрымка важная для нас сёння, і досвед Іспаніі будзе карысны Беларусі ў будучыні”, — адзначыла палітык.

Падчас сустрэчы са спікерам іспанскага Сената Педра Роландам Ахедай абмяркоўвалася пытанне стварэння ў дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” і перспектыва падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі і Сенатам.

8 красавіка Ціханоўская мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Іспаніі, выступіць з лекцыяй ва Універсітэце IE аб барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі ва ўмовах выгнання, а таксама даць інтэрв’ю вядучым іспанскім СМІ.

Ціханоўская наведвала Мадрыд у чэрвені 2025 года.

19 студзеня гэтага года Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне Іспаніі выпусціла інструкцыю аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў.

Падзяліцца: