Мінск 16:50

Доля сучаснай зброі ў войску Беларусі складае 45% — Лукашэнка

Танкі Т-72БМ2
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

11 траўня, Позірк. Выкананне дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021–2025 гады дало магчымасць падвысіць “удзельную вагу сучасных узораў” зброі ў войску Беларусі “амаль да паловы — 45%”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 траўня на нарадзе па пытаннях узбраення і дзяржабаронзамовы.

Паводле слоў спікера, якія перадае яго прэс-служба, “доля [узбраенняў], якія штогод абнаўляюцца, павялічвалася да 2%”.

“Можна канстатаваць, што захады, якія мы робім, даюць магчымасць падтрымліваць узбраенне і вайсковую тэхніку ў боегатовым стане”, — заявіў ён, падкрэсліўшы, што “ў вайсковыя часці пастаўленыя і эксплуатуюцца новыя самалёты, верталёты, сродкі супрацьпаветранай абароны”.

Лукашэнка адзначыў, што для “падвышэння мабільнасці” механізаваныя падраздзяленні атрымалі “сучасныя браніраваныя машыны, у тым ліку беларускай вытворчасці”.

Акрамя таго, паводле яго слоў, за мінулы пяцігадовы перыяд была “палепшаная экіпіроўка вайскоўцаў”, у тым ліку за кошт выкарыстання “сучаснай індывідуальнай бронеабароны і оптыкі”.

“Як паказвае досвед, [новыя сродкі сувязі] — гэта таксама найважнейшы кампанент, які сёння вызначае многае, а часам усё ў сучасным баі. У найбліжэйшы час на ўзровень сродкаў сувязі мы паглядзім”, — падкрэсліў палітык.

На яго думку, без аснашчэння войскаў сучасным узбраеннем “вырашыць задачы абароны немагчыма”.

“Пры гэтым хачу заўважыць: мы не маем кідацца на ўсе віды ўзбраенняў, якія мы бачым у сучасных канфліктах. Па-першае, мы мусім мець тую зброю, якую мы можам скарыстаць, з якой мы, перш за ўсё нашы афіцэры, умеем абыходзіцца”, — заявіў Лукашэнка.

“Узброенае сутыкненне Ірана, Ізраіля і Злучаных Штатаў Амерыкі”, паводле слоў спікера, паказала, што “без наземнай аперацыі нікуды”. Таму, лічыць ён, “значную ролю адыгрываюць навучаныя салдаты, афіцэры і зброя, што неабходная для вядзення бою на зямлі”.

Узброеныя сілы “ў максімальнай ступені выкарыстоўваюць мадэрнізацыйны патэнцыял існых узораў узбраення”, заявіў 8 лютага ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намеснік міністра абароны па ўзбраенні Андрэй Федзін.

У якасці станоўчага прыкладу было прыведзена ўдасканаленне сродкаў рухомасці да рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Ураган”, на якія ўсталёўваюцца рухавікі вытворчасці Мінскага маторнага завода.

На працягу мінулага года асвоены рамонт 82-міліметровага мінамёта 2Б24, транспартна-зараджальных машын комплексаў “Тор”, “Паланэз” і “Іскандэр”, удакладніў намеснік міністра.

Пры закупках узбраенняў галоўным партнёрам ён назваў Расію: “За кошт паставак з РФ мы здолелі істотна нарасціць баявы патэнцыял Узброеных сіл”.

“У прыватнасці, толькі летась ажыццяўляліся пастаўкі самалётаў Су-30СМ, верталётаў Мі-35М, транспарцёраў БТ-82А, цэлай лінейкі сучасных радыёкомплексаў, якія вырабляюцца прадпрыемствамі Расіі”, — дадаў Федзін.

Кажучы пра беларускія распрацоўкі, прадстаўнік ведамства адзначыў лінейку сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, “у тым ліку тактычнага, так званага акопнага РЭБ для барацьбы з беспілотнымі лятучымі апаратамі, а таксама ўсе распрацоўкі ў галіне вытворчасці БПЛА, як выведвальных, так і ўдарных”.

“Яны паступаюць ужо ва Узброеныя сілы. Акрамя таго, мы традыцыйна закупляем на прадпрыемствах абароннага сектара эканомікі сродкі РЭБ”, — сказаў Федзін.

У 2025 годзе ва Узброеныя сілы пастаўлена 5,2 тыс. адзінак новых узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, дапаможнага абсталявання, а таксама 75 тыс. адзінак боепрыпасаў. Такія даныя былі прыведзеныя 6 лютага на калегіі Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта (ДВПК).

Сярод іншага на ўзбраенне войска прынятыя: комплекс падаўлення навігацыйных прымачоў спадарожнікавых навігацыйных сістэм “Навес-М”, комплекс радыёманіторынгу і радыёпрыгнечання УКХ сувязі Р-936 “Аэра”, комплекс сродкаў кіравання рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Вулкан”, бронетранспарцёр МЗКЦ 690003-021 “БТР V2”, баявая машына БМ 9А33 МБ са складу ЗРК “АСА-АКМ”, радыёлакацыйная сістэма кругавога агляду 9С150 МБ, некіравальны рэактыўны снарад 9М22Ж РСЗА “Град”.

Па выніках пяці гадоў арганізацыямі ДВПК уведзеныя ў выкарыстанне айчынныя камплектуючыя ўзамен імпартных на суму каля 310,8 млн долараў (у 2025-м — 62,1 млн).

Падзяліцца: