Мінск 12:39

У літоўскі суд перададзеная справа шасці чалавек, абвінавачаных у схеме пастаўкі кантрабандных беларускіх цыгарэт — з Расіі па паветры

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

23 траўня, Позірк. Каўнаская акруговая пракуратура завяршыла дасудовае расследаванне ў дачыненні да шасці асоб, абвінавачаных у кантрабандзе і незаконным абароце падакцызных тавараў, і папрасіла Таўрагскі раённы суд завяршыць справу ў парадку судовага загада (спрошчаная працэдура без разбіральніцтва), вынікае з паведамлення прэс-службы Генеральнай пракуратуры Літвы.

Згодна з матэрыяламі справы, фігуранты змовіліся з “нявысветленымі асобамі”, якія знаходзіліся на тэрыторыі Расіі. Тыя з дапамогай паветраных шароў да 20 лістапада 2025 года накіроўвалі з РФ кантрабандныя беларускія цыгарэты, якія абвінавачаныя забіралі на тэрыторыі Каўнаскага раёна, у ваколіцах Кедайняйскага стараства. Агулам такім чынам было дастаўлена тытунёвай прадукцыі на суму амаль 30 тыс. еўра.

“Падчас дасудовага расследавання асобы цалкам прызналі сваю віну, — гаворыцца ў паведамленні. — Ацаніўшы сукупнасць абставін, пракурор, які кіраваў расследаваннем, прыняў рашэнне завяршыць дасудовае расследаванне ў парадку судовага крымінальнага загаду”.

Пракурор папрасіў суд прызнаць шасцярых фігурантаў вінаватымі, з улікам часу, праведзенага пад вартай, і прызнання віны зменшыць пакаранне на траціну і аштрафаваць іх на сумы ад 200 да 500 мінімальных разліковых адзінак узроўню жыцця (14.800–37.000 еўра). Прадстаўнік нагляднага органа таксама настойвае на канфіскацыі “прыладаў злачынства” — двух аўтамабіляў, мабільных тэлефонаў, цеплавізараў, ліхтароў, маскок ды “іншых прадметаў”.

У Літве па падазрэнні ў паветранай кантрабандзе арыштавана 13 паліцэйскіх і памежнікаў

22 траўня, Позірк. У Літве па падазрэнні ў паветранай кантрабандзе арыштавана 13 паліцэйскіх і памежнікаў, паведамляе Delfi. Паводле слоў намесніка генеральнага камісара паліцыі Марыюса Драудвілы, усяго затрымана 27 чалавек. Гэта працяг аперацыі, распачатай у снежні 2025 года, калі паліцыя затрымала …
Падзяліцца: